Доналд Трамп, абраны 47-м прэзідэнтам ЗША, прыдумаў новае міністэрства – Дэпартамент эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання (DOGE). Узначаліць яго Ілан Маск. Разам з ім будзе працаваць амерыканскі прадпрымальнік і палітык індыйскага паходжання Вівэйк Рамасўамі.
«Яны адкрыюць шлях для маёй адміністрацыі да ліквідацыі ўрадавай бюракратыі, скарачэння залішняга рэгулявання, скарачэння непатрэбных выдаткаў і рэструктурызацыі федэральных агенцтваў», – заявіў Трамп пра новых прызначэнцаў.
DOGE будзе дзеяць па-за ўрадам, таму Маск здолее працягнуць кіраваць кампаніямі «Tesla» і «SpaceX». Новы дэпартамент у супрацы з Белым домам і Офісам кіравання і бюджэту будзе прасоўваць шырокамаштабную структурную рэформу і «стварэнне прадпрымальніцкага падыходу да ўраду, якога раней не бачылі».
,,«Гэта выкліча шок у сістэме і ўва ўсіх датычыных да растраты дзяржаўных сродкаў, а гэта вельмі шмат людзей! Пагроза дэмакратыі? Не, пагроза бюракратыі», – напісаў Маск у Х, дзе таксама размясціў заяву Трампа аб прызначэнні.
Маск і Рамасўамі мусяць скончыць распрацоўванне больш эфектыўнага ўраду да 4 ліпеня 2026-га – 250-годдзя падпісання Дэкларацыі аб незалежнасці.
Трамп параўноўвае новы дэпартамент з Мангэтэнскім праектам, які распрацоўваў ядравую зброю падчас Другой сусветнай вайны.
Назва новага ведамства – DOGE – адсылае да dogecoin – крыптавалюты, якую прасоўвае Маск. Яна ў сваю чаргу атрымала назву ў гонар інтэрнэт-мэму «Doge» – выявы азадачанага сабакі пароды сіба-іну.
Яшчэ адным прызначэнцам Трампа стаўся вядоўца тэлеканалу «Fox News» Піт Гэгсэт – яго новы прэзідэнт намінаваў на пасаду міністра абароны.
,,«Піт – моцны, разумны чалавек, ён шчыра верыць у прынцып «Амерыка перадусім»… З стырнавым Пітам ворагі Амерыкі папярэджаныя: нашыя вайскоўцы зноў стануць вялікімі, і Амерыка ніколі не адступіць», – гаворыцца ў заяве Трампа.
44-гадовы тэлевядоўца Піт Гэгсэт – ветэран Нацыянальнай гвардыі ЗША, служыў у Афганістане, Іраку і на Кубе. З 2014-га працуе на тэлеканале «Fox». Намінацыя яго на пасаду міністра абароны выклікала крытыку ў дэмакратаў.
Доналд Трамп перамог на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША, што адбыліся 5 лістапада. Вынікі галасавання будуць афіцыйна зацверджаныя 6 студзеня 2025 года. Інаўгурацыя Трампа адбудзецца 20 студзеня.
Марыя Міхалевіч belsat.eu