Літоўскія памежнікі выявілі 25 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэтаў з Беларусі, якія прыляцелі на 14 метэаралагічных аэрастатах, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы затрымала пяцёх чалавек, якія падазраюцца ў дачыненні да транспартавання нелегальных цыгарэтаў. У звязку з перавозам акцызных тавараў распачатае дасудовае расследаванне і некалькі адміністратыўных справаў.

Усяго сёлета ў Літву з Беларусі быў скіраваны 351 метэаралагічны шар, а колькасць перахопленых склала 138. За ўвесь 2022 год не зафіксавалі ніводнага выпадку кантрабанды, якая б перапраўлялася шарамі, а ў 2023-м былі зафіксаваныя толькі 3 такія спробы.
Кантрабандысты сталі часцей звяртацца да такога метаду праз плот на мяжы з Літвою, закрытыя памежныя пераходы, сістэму відэаназірання ўздоўж плота ды іншыя дадатковыя захады.
«У выніку колькасць кантрабандных цыгарэтаў, што ўвозяцца ў Літву, значна скарацілася. Сёлета памежнікі перахапілі больш за 1 мільён 124 тысяч пачкаў незаконных цыгарэтаў. У мінулым годзе за той жа перыяд гэты паказнік склаў больш за 2 мільёны 441 тысячу пачкаў, а ў 2022-м, з пачатку студзеня да 12 лістапада, ён складзе больш за 3 мільёны 128 тысяч пачкаў», – заключае Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Арсен Рудэнка belsat.eu