Гісторыі

Тыль Швайгер мог не разумець, навошта яго клікалі ў Беларусь. Вось што аб гэтым сведчыць

Тыль Швайгер на здымачнай пляцоўцы ў Менску
Тыль Швайгер на здымачнай пляцоўцы ў Менску, Беларусь. 7–8 лістапада 2024 года. Фота: blockchainsports.drift / Instagram
podpis źródła zdjęcia

Актор Тыль Швайгер прыехаў у Беларусь, каб здымацца ў рэкламе пра дрыфт, і быў вымушаны апраўдвацца за тое, як ім скарысталася дзяржаўная прапаганда. Выказванні Швайгера і ягоны цяперашні стан здароўя даюць падставы меркаваць, што ён не разумеў, куды і навошта едзе.

Нямецкі актор і рэжысёр Тыль Швайгер (Til Schweiger) прыляцеў у Беларусь не пазней за 6 лістапада. 9 лістапада ён даў прэс-канферэнцыю, на якой пахваліў Беларусь. Дзяржаўная прапаганда прадставіла гэта як надзвычай важную падзею: прыезд топавай кіназоркі, якая ў захапленні ад краіны. Гэтая гісторыя мае два складнікі: першы – асабіста пра Швайгера, другі – пра кампанію, якая яго прывезла (і дзеля рэкламы якой перакрывалі цэнтральныя вуліцы беларускіх гарадоў). «Белсат» раскажа пра абодва. Пачнём са Швайгера.


Швайгер быў патрэбны дзяржаўным медыям ці не больш, чым тым, хто яго прывёз


Першым пра прыезд Швайгера, падобна, паведаміў ранкам 6 лістапада Telegram-канал «Мерзкий Кокобай» вядомага фуд-блогера Паўла Крамара. Здымкі, якія апублікаваў канал, наўрад ці былі кадрамі ад выпадковага сведкі: прылёт Швайгера зняты на якасную камеру, у кадры – лога кампаніі-спонсара і заснавальнік гэтай кампаніі. Пасля прылёту Швайгера канал больш пра яго не пісаў, што і не дзіўна: «Кокобай» спецыялізуецца на ежы, а не на кіназорках ці аўтаспорце, але часам публікуе «нехарчовую» рэкламу, як то рэкламу ботаў пад брэндам «БелАЗ».


Днём 6 лістапада дзяржаўнае інфармагенцтва «БелТА» расказала падрабязнасці пра прылёт Швайгера. Яго прывезлі здымацца ў прома-роліку для кампаніяў «Х-Lаbs inc.» і «Дрыфт Лабс» – таго роліка пра дрыфт-праект «Blockchain Sports», які ўжо тыдзень здымалі ў розных беларускіх гарадах. Следам пра прылёт Швайгера расказалі іншыя дзяржаўныя медыі. Сам жа праект «Blockchain Sports» паведаміў пра прылёт Швайгера толькі днём пазней. 

Тыль Швайгер (справа) і стваральнік «Blockchain Sports» Дзмітрый Саксонаў (у цэнтры). Менск, Беларусь. 6 лістапада 2024 года. Фота: blockchainsports.drift / Instagram
Тыль Швайгер (справа) і стваральнік «Blockchain Sports» Дзмітрый Саксонаў (у цэнтры). Менск, Беларусь. 6 лістапада 2024 года. Фота: blockchainsports.drift / Instagram

Швайгер стаў адной з галоўных падзеяў у дзяржаўных медыях на некалькі дзён. Расказвалі так, нібы гэта галівудская суперзорка, ці не больш вядомая за Стывена Сігала ці Жэрара Дэпард’ё. 9 лістапада зладзілі прэс-канферэнцыю Швайгера, якую асвятлялі галоўныя дзяржаўныя медыі. Хоць ён за менш як 10 хвілін сказаў зусім няшмат, цытавалі ці не кожнае ягонае слова: як яму спадабалася ў чыстай і бяспечнай Беларусі, у якім класным праекце ён здымаўся, які б ён фільм зняў у Беларусі…


Прылёт нямецкага актора супаў па часе з візітам выбранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай у Нямеччыну. Ціханоўская на старонках «Bild» прапанавала нямецкаму актору сустрэцца з палітычнымі зняволенымі ці запісаць відэа ў іхную падтрымку. Казала, вітала б прыезд у Беларусь большай колькасці замежнікаў, але не тады, калі ў краіне пануе тэрор. «Bild» прыйшоў да высновы, што Швайгер «займаецца прапагандай Аляксандра Лукашэнкі – сябра Уладзіміра Пуціна».


Швайгер насамрэч хваліў Беларусь, але ёсць нюансы


10 лістапада Швайгер апублікаваў у «гісторыях» на Instagram апраўданне. Пісаў, што браў удзел у рэкламнай кампаніі, хацеў падзяліцца з аўдыторыяй творчым працэсам, але раптам пабачыў, што часткі прэс-канферэнцыі былі вырваныя з кантэксту і скарыстаныя для падтрымкі пасланняў, якія не адпавядаюць ягоным поглядам. Ён запэўніваў, што не падтрымлівае ніякую палітычную ідэалогію, а ягоны ўдзел быў строга абмежаваны рэкламай. На фоне гэтага тэксту скрыншот таго самага артыкулу «Bild».

Тыль Швайгер апраўдваецца за візіт у Беларусь. 10 лістапада 2024 года. Скрыншот: tilschweiger / Instagram
Тыль Швайгер апраўдваецца за візіт у Беларусь. 10 лістапада 2024 года. Скрыншот: tilschweiger / Instagram

З прэс-канферэнцыі можна зрабіць выснову, што ён сапраўды не збіраўся агітаваць за Лукашэнку і нічога напраўду не ведаў пра Беларусь, а паспеў толькі «загугліць», якога памеру краіна, а таксама думаў, што галоўная мэта прыезду – здымкі поўнаметражнага фільму, а не толькі рэкламы. Варта адзначыць некалькі асаблівасцяў прэс-канферэнцыі: Швайгер размаўляў не на роднай нямецкай мове, а па-англійску; ягоны мікрафон працаваў кепска, а перакладчыца недакладна перакладала ягоныя словы на расейскую. Найлепш словы Швайгера па-англійску чуваць на гэтым відэа «БелТА».


Швайгер казаў, што Беларусь – «вельмі чыстая і бяспечная краіна», у якой яму спадабаліся вельмі прыязныя людзі, якія заўсёды ўсміхаюцца. Яму таксама спадабалася ежа і гатэль. А лекар, візіт якога арганізавалі прадусары, даў яму вітамінныя кропельніцы (vitamin infusions), пасля якіх ён адчувае сябе «народжаным наноў». 


У Маскве, казаў Швайгер, ён быў не менш за 10 разоў, але ў Беларусі раней не быў – і яму было цікава прыляцець, бо ён чуў пра Беларусь «найлепшыя рэчы». Але ён шукаў у Google, наколькі вялікі Менск і наколькі высокае насельніцтва (імаверна, памылкова ўжыў слова tall, якое ўжываецца ў кантэксце росту, замест large, якое пасавала б да колькасці насельніцтва, але перакладчыца вырашыла, што яго цікавіла, якога росту беларусы).


Адносна здымак Швайгер на момант прэс-канферэнцыі казаў, што здымаўся для фільму (movie), у якім яго захапіў сцэнар (script). Пасля ўдакладніў, што спачатку будзе рэклама (commercial), але пасля гэтая рэклама будзе неяк звязаная (слова пра гэта ён прамовіў неразборліва, але падобна, сказаў tied – звязана) з поўнаметражным фільмам (feature film) пра дрыфт. 


Швайгер – не сусветная, але нямецкая кіназорка. І зорка скандальная


Тыль Швайгер пачынаў як актор агучкі порнафільмаў, праславіўся на радзіме галоўнай роллю ў фільме «Рызыкоўныя гонкі» («Manta, Manta», 1991) – гоначным экшэне, дзе ён ездзіў на цюнінгаваным «Opel Manta». Сусветную вядомасць яму прынёс нямецкі фільм «Дагрукацца да нябёсаў» («Knockin' on Heaven's Door», 1997), у якім выступіў таксама супрадусарам і суаўтарам сцэнару. 


Швайгер быў рэжысёрам як мінімум 22 фільмаў і прадусарам ці сапрадусарам мінімум 32. Але застаўся зоркай найперш у Нямеччыне. У Галівудзе яму даставаліся пераважна ролі другога плану, як то ў «Гоншчык» («Driven», 2001), «Кароль Артур» («King Arthur», 2004), «Бясслаўныя вырадкі» («Inglourious Basterds», 2009), «Выбуховая бландынка» («Atomic Blonde», 2017) або «Міністэрства неджэнтэльменскіх справаў» («The Ministry of Ungentlemanly Warfare», 2024). Галоўная ж роля ў амерыканскім кіно дасталася Швайгеру ў фільме «Far Cry» (2008) – экранізацыі аднайменнай відэагульні скандальнага рэжысёра Увэ Бола, ужо на той момант вядомага «майстра кінатрэшу»: нізкаякасных і правальных у пракаце кінаадаптацыяў відэагульняў. 



Нямецкія фільмы, дзе Швайгер быў рэжысёрам (а часта адначасова і прадусарам, і выканаўцам галоўнай ролі), маюць пераважна нізкія ацэнкі. Выключэнне – хіба «Басанож па бруку» («Barfuss», 2005). Але прынамсі некаторыя паспяховыя ў пракаце. Праз гэта – а менавіта, праз халодныя рэакцыі крытыкаў на камерцыйна паспяховы фільм «Прыгажун» («Keinohrhasen», 2007), дзе ён быў рэжысёрам, сцэнарыстам, прадусарам і выканаўцам галоўнай ролі – Швайгер пасварыўся з крытыкамі і нямецкай кінаакадэміяй, з яго нават адкрыта смяяліся. Праз той жа фільм з ім судзіліся сцэнарысты, якія патрабавалі выплатаў. 


Швайгер трапляў у скандалы і па-за кіно. У 2005 годзе ад яго праз ягоныя здрады сышла жонка, з якой ён быў разам 15 гадоў і меў чатырох дзяцей. У 2012 годзе выклікала спрэчкі ягоная паездка да вайскоўцаў у Афганістан дзеля рэкламы ягонага фільма «Анёл-абаронца» («Schutzengel», 2012). У 2015 годзе Швайгер увязаўся ў зусім дзіўны скандал: уступіў у публічную спрэчку з генеральным сакратаром Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Нямеччыны аб шляхах падтрымкі ўцекачоў, а прыйшоў да ідэі арыштоўваць дэманстрантаў з антымігранцкіх пратэстаў. Казаў, калі так у краіне не прынята, то трэба змяніць Канстытуцыю, каб можна было садзіць дэманстрантаў за іхныя ідэі. 


Апошні жа скандал звязаны і з кіно, і з алкаголем. У 2023 годзе Швайгера абвінавацілі ў тым, што на здымачнай пляцоўцы фільма «Гоншчыкі на драйве» («Manta, Manta – Zwoter Teil», 2023), дзе ён выступіў рэжысёрам, сцэнарыстам і выканаўцам галоўнай ролі, Швайгер з’яўляўся п’яным, абражаў іншых і паводзіў сябе агрэсіўна. Швайгер прызнаў, што мае праблемы з алкаголем і што ягоныя паводзіны лічылі «страшнымі», а таксама што даў поўху прадусару, які не хацеў пускаць яго п’яным на здымачную пляцоўку. Скандал «замялі», каб не зрываць вытворчасць фільма (але потым зноў быў суд са сцэнарыстам аб выплатах).


Швайгер мае сур’ёзныя праблемы не толькі з алкаголем, але і са здароўем. Магчыма, і з фінансамі


Летам таго ж 2023 года Швайгер атрымаў траўму нагі. Як пазней даведаліся медыі, інфекцыя ад гэтай траўмы прывяла да сепсісу і пагрозы ампутацыі нагі (нямецкія медыі аж ўзяліся тлумачыць, што такое сепсіс, як распазнаць сімптомы і што рабіць). 


Летам 2024 года фанаты зноў сталі хвалявацца за Швайгера праз фота, на якіх актора было не пазнаць. Аказалася, ён чакаў аперацыі на сэрцы, падчас гэтага схуднеў і стаў губляць валасы. Калі ж ён апублікаваў у Instagram сваё чорна-белае фота, фанаты спужаліся, што гэта паведамленне пра смерць. Перад візітам Швайгера ў Беларусь нямецкія медыі пісалі, што актор быў у клініцы яшчэ і праз праблемы з прастатай. 



Прычыны праблемаў са здароўем і алкаголем невядомыя, але наўрад ці гэта стрэс праз сямейныя справы: пасля разводу былая жонка захавала з ім кантакт, а дзеці сталі здымацца ў ягоных фільмах. Старэйшая дачка заступалася за бацьку падчас скандалу 2023 года.


Кар’ера ў Швайгера не ідэальная, але прыносіла грошы – прынамсі, да апошняга часу. У 2019 годзе Швайгер трапіў на 920-е месца ў топ-1000 найбагацейшых немцаў з маёмасцю на 150 млн еўра. Ды з таго часу збяднеў: цяпер ягонае багацце ацэньваюць толькі ў 35 млн еўра. У 2020 годзе ён прадаў свой лайфстайл-брэнд (цяпер сайт брэнду недасяжны), у пачатку 2024-га быў вымушаны адмовіцца ад будаўніцтва гатэлю.


Швайгера прывёз прадпрымальнік, судзімы за махлярства, які абяцае фантастычныя праекты


Як расказаў стваральнік «Blockchain Sports» Дзмітрый Саксонаў, Швайгер у Менску здымаўся ў ролі «лідара думак, які запускае праграму, дзе штучны інтэлект кіруе гоначным балідам». Саксонаў апісаў Швайгера як «вельмі замкнёнага» і хворага: казаў, у першы дзень здымак «сур’ёзна апасаліся, што ў нас нічога не выйдзе», бо апошні год для актора «выдаўся даволі цяжкім з гледзішча здароўя». Галоўнай ролі ў фільме Саксонаў Швайгеру насамрэч не абяцаў: казаў толькі, што «можа быць», менавіта Швайгер гэтую ролю выканае, але пакуль гаворка толькі пра прома-ролік. Фільм жа хочуць зняць да чэмпіянату па дрыфце ў Саудаўскай Аравіі ў 2025–26 гадах, дзе «Blockchain Sports» абяцае выставіць звыш сотні машынаў пад кіраваннем штучнага інтэлекту. 

Тыль Швайгер (другі злева) і стваральнік «Blockchain Sports» Дзмітрый Саксонаў (трэці злева). Менск, Беларусь. 6 лістапада 2024 года. Фота: blockchainsports.drift / Instagram
Тыль Швайгер (другі злева) і стваральнік «Blockchain Sports» Дзмітрый Саксонаў (трэці злева). Менск, Беларусь. 6 лістапада 2024 года. Фота: blockchainsports.drift / Instagram
Дзмітрый Саксонаў на адной з прэзентацыяў «Blockchain Sports». Фота: Blockchain Sports / X

Швайгера ў Беларусь прывёз судзімы за махлярства, звязаны з Баскавым. Адкуль у яго грошы?

Гісторыі

Гучыць фантастычна, але тэхнічна гэта магчыма: машыны на аўтапілоце ўжо цяпер ездзяць па вуліцах некаторых гарадоў, штучны інтэлект можа кіраваць гоначнымі машынамі. У 2024 годзе нават правялі першыя гонкі балідаў, кіраваных штучным інтэлектам (які, праўда, не спраўляўся з кіраваннем у даволі простых сітуацыях).


Праблема ў іншым. Паводле звестак «BELPOL», Саксонаў у 2018 годзе атрымаў чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за «дзясяткі эпізодаў махлярства» паводле ч.3 арт. 209 КК РБ. Па вызваленні Саксонаў заснаваў тузін праектаў, звязаных з блокчэйнам, крыптавалютамі і штучным інтэлектам, ды гэтыя праекты даюць шмат фантастычных і сумнеўных абяцанняў, але маюць загадкавую крыніцу фінансавання і рэдка паказваюць рэальныя вынікі дзейнасці. 


Аб гэтых праектах і сувязях Саксонава з беларускімі ўладамі «Белсат» расказаў у асобным матэрыяле.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10