Дэпутаты Дзярждумы Расеі прынялі папраўкі да Сямейнага кодэксу Расеі. Згодна з імі, грамадзянам дзяржаваў, дзе дазволеная змена полу, хочуць забараніць усынаўляць ці браць пад апеку дзяцей у Расеі.
Каб папраўкі набылі моц, змены яшчэ мусяць зацвердзіць Савет Федэрацыі і прэзідэнт Расеі.
Пад абмежаванне трапляюць і грамадзяне Беларусі, паколькі ў краіне дазволены трансгендарны пераход. Больш за тое, у Беларусі робяць аперацыі змены полу, але для гэтага трэба прайсці сур'ёзныя экспертызы.
Група дэпутатаў Дзярждумы напісала ў абгрунтаванні змяненняў, што «шэрагам дзяржаваў робяцца спробы мэтанакіраванага размывання традыцыйных каштоўнасцяў, скажэння сусветнай гісторыі, перагляду поглядаў на ролю і месца Расеі ў ёй, распальвання міжнацыянальных і міжканфесійных канфліктаў».
На іхную думку, «асаблівай пагрозаю традыцыйным каштоўнасцям ёсць дзейнасць розных арганізацыяў, створаных Злучанымі Штатамі Амерыкі і іншымі недружалюбнымі замежнымі дзяржавамі, а таксама шэрагам транснацыянальных карпарацыяў і замежных некамерцыйных арганізацыяў».
Мяркуючы з адрозненняў у расейскім і беларускім заканадаўстве, у пытанні трансгендарных пераходаў Беларусь стаіць у адным шэрагу з «недружалюбнымі дзяржавамі».
Арсен Рудэнка belsat.eu