навіны

Беларусь павезла калійныя ўгнаенні ў Іран праз Махачкалу

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: gallaorolkaliyfosfat.uz
podpis źródła zdjęcia

Чакаецца, што да канца 2024 года праз порт Махачкалы Беларусь пераваліць каля 35–40 тысяч тонаў, у 2025-м – больш за 200 тысяч тонаў.

Мяркуючы з інфармацыі сайту Махачкалінскага порту, першая партыя беларускіх калійных угнаенняў у Іран праз яго была адпраўленая яшчэ 8 лістапада. Паведамляецца, што ў сталіцу Дагестану груз быў дастаўлены чыгуначным транспартам. Чакаецца, што да канца 2024 года будзе перавалена каля 35–40 тысяч тонаў, у 2025-м – больш за 200 тысяч тонаў.


Паводле генеральнага дырэктара порту Джамала Аліева, надалей праз Махачкалу праз міжнародны транспартавы калідор «Поўнач – Поўдзень» будуць ажыццяўляцца пастаўкі беларускага калію і ў Індыю.


Нагадаем, раней асноўнай краінаю, праз чые марскія порты беларускія калійныя ўгнаенні ішлі на экспарт, была Літва. Пасля выбараў 2020 года краіна падтрымлівае грамадзянскую супольнасць і дэмсілы Беларусі. Таму кантакты з афіцыйным Менскам былі мінімізаваныя, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны і міграцыйнага крызісу, што развярнуўся на мяжы, яны практычна цалкам спыніліся.


У 2021 годзе ЕЗ, ЗША, Вялікая Брытанія і Канада ўвялі санкцыі ў дачыненні «Беларуськалія».


Праз уплыў абмежавальных захадаў у студзені 2022-га нарвежскі пастаўнік калію «Yara» – адзін з найбуйнейшых у Еўропе пакупнікоў беларускіх угнаенняў – абвясціў пра спыненне супрацы з прадпрыемствам.


1 лютага таго ж года спыніўся экспарт калійных угнаенняў праз літоўскі порт у Клайпедзе. У сакавіку 2022 года спыніў працу тэрмінал сыпкіх грузаў Клайпедскага порту («Biriu kroviniu terminalas»), 30 % акцый якога належаць «Беларуськалію». Пасля гэтага ўлады пачалі працаваць над выкарыстаннем расейскіх портаў.


24 лютага 2023 года Рада ЕЗ абнавіла і падоўжыла санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якімі забаранялася перамяшчэнне па тэрыторыі ЕЗ калійных угнаенняў з Беларусі.


Пра тое, што Менск выкарыстоўвае для перавальвання сваёй прадукцыі ажно 14 расейскіх портаў, 11 верасня паведаміў міністр транспарту і камунікацыяў Аляксей Ляхновіч. Аб'ём вывазу беларускай прадукцыі праз партовую інфраструктуру РФ, паводле міністра, за студзень – жнівень вырас на 10 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10