навіны

«Гэта агульны боль». З дня забойства Рамана Бандарэнкі мінула 4 гады

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY
podpis źródła zdjęcia

«Я выходжу», – напісаў 31-гадовы мастак у дамавым чаце, калі невядомыя з маскамі на тварах прыехалі на гэтак званую Плошчу пераменаў на вуліцы Чарвякова ў Менску зразаць бел-чырвона-белыя стужкі. Рамана Бандарэнку схапілі, адвезлі ў пастарунак, а адтуль – у шпіталь, дзе ён сканаў.

Паводле версіі Следчага камітэту, 11 лістапада 2020 года міліцыя атрымала паведамленне пра бойку паміж «агрэсіўнымі» жыхарамі дому на вуліцы Чарвякова і асобамі, якія здымалі бел-чырвона-белыя стужкі. Міліцыянты, якія прыбылі на месца, «знайшлі мужчыну з цялеснымі пашкоджаннямі і прыкметамі алкагольнага ап’янення».


Рамана Бандарэнку адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёну, там «самаадчуванне мужчыны пагоршылася». У пастарунак выклікалі хуткую, маладзёна шпіталізавалі. СК другі раз у адным прэс-рэлізе адзначыў нібыта нецвярозы стан Рамана: «Пры першасным аглядзе разам з цялеснымі пашкоджаннямі ў яго дыягнаставалі алкагольную інтаксікацыю».


На наступны дзень, 12 лістапада, Бандарэнка памёр.

Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі. 10 лістапада 2024 года, Вільня. Фота: tsikhanouskaya / Telegram

У Вільні прайшла акцыя памяці Рамана Бандарэнкі

навіны

Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу аб гібелі хлопца толькі праз тры месяцы, 18 лютага, і адразу ж заявіла, што міліцыянты да здарэння не датычныя. Праз паўгода справу прыпынілі, бо не здолелі знайсці падазраваных.


І гэта нягледзячы на патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі ўзяць разбіранне пад «найсур’ёзнейшы кантроль», бо, маўляў, сакральныя ахвяры ўладзе не патрэбныя.


Пры гэтым відэазапісы відавочцаў сведчаць: на Рамана Бандарэнку напалі невядомыя з маскамі на тварах, хлопца пабілі і завалаклі ў мікрааўтобус. Аніякіх міліцыянтаў у форме на Плошчы пераменаў у той момант не было.


Сцверджанні пра нібыта ап’яненне Рамана былі абвергнутыя: у медыях з’явілася медыцынская справаздача, што сведчыла пра нуль праміле ў крыві хлопца. Тут Генеральная пракуратура хутка праявіла свае «лепшыя» якасці і завяла крымінальную справу паводле артыкулу «разгалошванне лекарскай тайны». Доктару шпіталя хуткай дапамогі Арцёму Сарокіну, абвінавачанаму ў раскрыцці звестак, далі два гады, журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч, якая апублікавала артыкул пра гэта, – 6 месяцаў зняволення.


Паводле расследавання ініцыятывы «BYPOL», да забойства Рамана Бандарэнкі могуць быць датычныя спартовец Дзмітрый Шакута, сенатар Дзмітрый Баскаў, прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант ды іншыя асобы.

«Чатыры гады таму загінуў Раман Бандарэнка – і я добра памятаю той дзень. Жах і абурэнне ад гэтай трагедыі адгукнуліся ў сэрцы кожнага беларуса. Забойства Рамана – гэта не проста смутак адной сям'і: гэта агульны боль, што мы ўсе носім у сабе», – адзначыла ў адмысловай заяве абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.


Яна нагадала, што Раман – не адзіная ахвяра цяперашніх уладаў:


«Праз помслівасць рэжыму цягам дзесяцігоддзяў у Беларусі без следу знікалі людзі. У 90-я гады знішчаліся палітыкі, вайскоўцы, актывісты, журналісты – людзі, якія мелі мужнасць казаць праўду. Усе яны былі пазбаўленыя жыцця проста за тое, што кінулі выклік дыктатуры – і не збаяліся супрацьстаяць Лукашэнку. На жаль, і сёння метад захавання ўлады ў рэжыму і яго памагатых той жа самы – гвалт».


Рэпрэсіі, што пачаліся ў 2020 годзе, не спыняюцца. «Кожны палітвязень, кожная ахвяра рэжыму – гэта разбураная сям’я, пакінутыя бацькі, жонкі і дзеці. Толькі за апошнія 4 гады мінімум 18 чалавек былі забітыя або закатаваныя рэжымам», – падкрэсліла Ціханоўская.


Яна заўважыла, што нельга забывацца пра ахвяраў:

,,

«Гэта памяць не толькі пра мінулае, але і пра тое, што злачынствы працягваюцца. Нашая задача – дамагчыся справядлівасці і зрабіць усё, каб такія трагедыі больш ніколі не паўтарыліся».


Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, старшыня НАУ Павел Латушка ў размове з «Белсатам» адзначыў, што Раман Бандарэнка «ўпісаў сваё імя ў гісторыю беларускага змагання за дэмакратыю і свабоду»:


«Я памятаю той дзень, калі адбылося гэтае жудаснае забойства, я памятаю таксама дзень, калі было пахаванне Рамана, якое было на небе святло ў гэты момант, калі сабраліся людзі каля храму ў Менску. Мне падаецца, тое святло шмат хто ўзгадвае сёння, – яно дае нам надзею, матывацыю, што мы здолеем перамагчы, бо гэтыя ахвяры не марныя. Мы павінны памятаць пра гэтыя ахвяры, не здавацца і працягваць змагацца за свабоду і незалежнасць».


Латушка выказаў упэўненасць, што датычных да забойства Рамана аднойчы прыцягнуць да адказнасці:


«Мы разумеем, што рэальна адказнасць можа наступіць толькі тады, калі ў Беларусі будзе адноўленыя права, судовая незалежная сістэма. Я перакананы ў тым, што адказнасць будзе. На сёння мы можам казаць, што калі асобы, падазраваныя ў здзяйсненні забойстваў, з’явяцца на тэрыторыі краінаў, дзе можна скарыстацца ўніверсальнай юрысдыкцыяй, тады можна падаваць заявы, каб распачаць крымінальныя справы, затрымаць такіх асобаў. Напрыклад, тэарэтычна гэта магчыма на тэрыторыі Літвы».


У выпадку ж «вышэйшых службовых асобаў, якія займаюцца арганізацыяй злачынстваў», то тут шлях праз Гаагскі трыбунал, заявіў палітык.


«Мы ажыццяўляем дзеянні ў межах Міжнароднага крымінальнага суда. Зварот ураду Літвы дзеля таго, каб было распачатае следства і заведзеная крымінальная справа ў дачыненні Лукашэнкі і яго памагатых, якія здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці, – гэтыя дзеянні на сёння для нас прыярытэтныя», – падсумаваў Павел Латушка.


Сёння ў некалькіх гарадах адбудуцца акцыі памяці Рамана Бандарэнкі:


  • Беласток, 18:00, сквер Вольнай Беларусі;
  • Вроцлаў, 19:00, плошча Рынак;
  • Люблін, 17:00, помнік Люблінскай уніі на Літоўскай плошчы;
  • Вільня, 18:00, паніхіда ў Беларускай праваслаўнай парафіі на Bokšto, 4, онлайн-трансляцыя будзе тут: https://youtube.com/@ortovilnya;
  • Вільня, 20:00, амбасада Беларусі на Mindaugo, 13;
  • Стакгольм, 18:00, плошча Sergels torg.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10