Еўрапейцы павінны ўзяць адказнасць на сябе і запэўніць Украіну ў працягу падтрымання. Пра гэта заявіў у Польшчы вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль пасля сустрэчы з міністрам замежных справаў краіны Радославам Сікорскім.
Вяртаючыся пасля сваёй паездкі ва Украіну, Жузэп Бурэль адзначыў польскае лідарства ў падтрыманні Украіны, у тым ліку ў рамках Еўразвязу.
Бурэль падкрэсліў, што еўрапейцы павінны прыняць пастанову з улікам будучага прэзідэнцтва Доналда Трампа.
«На лініі фронту сітуацыя крытычная, Расея працягвае наступ. Таксама складаная дыпламатычная сітуацыя ў свеце, якую падкрэслівае новы сцэнар з новым амерыканскім прэзідэнтам ля стырна. Гэта вядзе да сітуацыі, калі еўрапейцы з аднаго боку, а амерыканцы з другога боку павінны прыняць пастанову пра далейшае падтрыманне Украіны, каб яна магла справіцца з расейскай агрэсіяй. Мы не можам дазволіць Пуціну перамагчы», – сказаў ён.
Бурэль заявіў, што ў панядзелак на Радзе ЕЗ у замежных справах раскажа міністрам замежных справаў пра тое, як выглядае сітуацыя ва Украіне, якая дапамога патрэбная Кіеву, а таксама пра тое, як еўрапейцы могуць адказаць на пастанову ЗША падтрымліваць ці не падтрымліваць Украіну.
«Мы не можам быць у сітуацыі, калі ЗША дзеюць, а еўрапейцы назіраюць. Мы павінны ўзяць адказнасць на сябе і запэўніць Украіну, што нашае падтрыманне працягнецца. Але каб яно працягвалася, патрэбныя пэўныя сродкі і рашучасць. Патрэбная новая воля, але галоўнае – фінансавыя сродкі», – падкрэсліў Бурэль.
Надзея Вольная belsat.eu