Новыя патрабаванні да якасці мабільнай сувязі і мабільнага інтэрнэту ў Беларусі набудуць моц ужо 1 снежня.
Новаўвядзенні прадугледжваюць адзіныя стандарты перадачы інфармацыі. Іх ужо зацвердзіў Дзяржстандарт. Дакумент з новымі патрабаваннямі апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У змененым стандарце СТБ 1904-2022 прапісаныя патрабаванні да перадачы звестак. У прыватнасці, паказана, якою павінна быць сувязь у «зоне ўпэўненага прыёму», які адсотак адмоваў у злучэнні і якія страты пры перадачы пакетаў дапушчальныя.
Да прыкладу, доля няўдалых выклікаў, паводле новых патрабаванняў, не павінна перавышаць 6 %. Выклікаў, якія скончыліся раз'яднаннем праз збоі ў сетках, мусіць быць не больш за 3 %. Пры выкарыстанні мабільнага інтэрнэту доля няўдалых злучэнняў цяпер не павінна будзе перавышаць 10 % ад агульнай колькасці спробаў, доля павольнага інтэрнэту (час не большы за 400 мс) – максімум 7 %, а згубленых пры перадачы пакетаў звестак – 3 %.
Нагадаем, пра тое што патрабаванні да якасці перадачы мабільных звестак у Беларусі трэба павысіць, у Міністэрстве сувязі паведамілі яшчэ ў жніўні, пасля перабояў у звязку з серыяй цыклонаў.
Надзея Вольная belsat.eu