Рада нацыянальнай бяспекі Ізраілю апублікавала спіс еўрапейскіх краінаў, якія лічацца «адносна бяспечнымі» для наведвання. Беларусі ў гэтым спісе няма.
Спіс, пра які ідзе гаворка, быў складзены ў звязку з падзеямі ў Амстэрдаме 7 лістапада, калі пасля футбольнага матчу нідэрландскага «Аяксу» з ізраільскім клубам «Макабі» ў Лізе Еўропы ізраільскія заўзятары зазналі масавыя напады з боку невядомых у масках, як мяркуецца, прыхільнікаў Палестыны.
У выніку пацярпелі 12 чалавек, сярод іх былі ахвяры з нажавымі ранамі. Напады адбыліся ў розных частках Амстэрдаму і, верагодна, мелі спланаваны характар. Некаторыя нападнікі былі ў масках і з палестынскімі сцягамі, яны выкрыквалі лозунгі «Свабоду Палестыне». Ізраільскі ўрад нават арганізаваў спецыяльныя эвакуацыйныя авіярэйсы для вывазу сваіх грамадзянаў з Амстэрдаму.
У цяперашні самы спіс «адносна бяспечных» краінаў трапілі Албанія, Балгарыя, Вугоршчына, Літва, Польшча, Румынія, Сербія, Харватыя, Чарнагорыя і Чэхія.
Чаму ў гэты спіс не ўвайшла Беларусь?
Нагоды для гэтага ёсць. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка не раз рабіў антысеміцкія выказванні.
Чарговы раз ён дазволіў гэта сабе 14 чэрвеня сёлета на нарадзе з урадам адносна карупцыйнай справы, адным з фігурантаў якой ёсць ягоны былы памочнік – інспектар у Віцебскай вобласці, экс-міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.
«Вы мяне прабачце, я не антысеміт, але больш за палову – габрэі, – выказаўся Лукашэнка. – Яны што, у нас прывілеяванае становішча займаюць, што яны крадуць і не думаюць пра сваю будучыню? Усе аднолькавыя перад законам: і габрэй, і беларус, і ўкраінец, і расеец, і паляк. Вінаваты – будзе сядзець».
Абуральнымі і непрымальнымі выказванні Лукашэнкі назваў тагачасны кіраўнік МЗС Ізраілю Ісраэль Кац (цяпер міністр абароны), у сувязі з гэтым нават адмянілі запланаваную на 27 чэрвеня ў Ізраілі канферэнцыю «Трагедыя і гераізм на беларускай зямлі – да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».
Таксама ўлады ў Менску падтрымліваюць сяброўскія адносіны з Палестынай і Іранам, з якімі Ізраіль дэ-факта варагуе.
Надзея Вольная belsat.eu