навіны

Расейскія войскі пашкодзілі дамбу Курахаўскага вадасховішча на Данеччыне

Курахаўскае вадасховішча
Курахаўскае вадасховішча. Фота: wikipedia.org
podpis źródła zdjęcia

11 лістапада падчас абстрэлаў расейскія войскі пашкодзілі дамбу Курахаўскага вадасховішча ў Данецкай вобласці, што стварае пагрозу для жыхароў навакольных населеных пунктаў, паведаміў кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Вадзім Філашкін.

Узровень вады ў рацэ Воўчая, на якой стаіць дамба, падняўся больш, чым на метр.

,,

«Гэты ўдар патэнцыйна нясе пагрозу жыхарам населеных пунктаў на рацэ Воўчая – як на Данеччыне, так і на Дняпроўшчыне, – напісаў Філашкін на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». – Станам на 16:00 вызначана, што ўзровень вады ў рацэ ў межах Вяліканавасілкаўскай грамады падняўся на 1,2 метра. Падтапленняў жытла цяпер не зафіксавана».


Паводле інфармацыі кіраўніка Курахаўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Рамана Падуна, абстрэламі пашкоджаная Тэрноўская дамба, аднак ступень пашкоджанняў пакуль вызначыць нельга.


«Нам вядома, што вада ідзе па вёсках, размешчаных каля Тэрноўскай дамбы. Характар пашкоджання, крытычнасць пацвердзіць не можам. Агляд дамбы не можам ажыццявіць праз рэгулярныя абстрэлы, – паведаміў Падун. – У нас ёсць інфармацыя наконт іншых населеных пунктаў Вяліканавасілкаўскай грамады, што там ідзе вада так, нібы шлюзы адкрываюцца. Таму мы канстатуем, што дамба, імаверна, пашкоджаная».


Курахоўскае водасховішча месціцца на рацэ Воўчая, што працякае праз Данецкую і Днепрапятроўскую вобласці. Яго стварылі, каб ахалоджваць Курахаўскую ЦЭС.


Расейскія медыі абвінавачваюць у падрыве дамбы ЗСУ і кажуць, што гэта было зроблена, каб ускладніць наступ войскаў РФ.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10