навіны

Эксперты назвалі хлуслівай лічбу ў 80 % даверу Лукашэнку

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Дзяржаўныя крыніцы распаўсюдзілі «вынікі сацыялагічнага даследавання аналітычнага цэнтру EcooM», згодна з якімі «Лукашэнку давяраюць 80 % беларусаў». «Белсат» спытаў экспертаў, ці можна давяраць гэтай лічбе.

Прапаганда, публікуючы звесткі цэнтру EcooM, адзначае, што «абсалютная бальшыня беларусаў давярае прэзідэнту»: 80,4 %. Адказ «хутчэй не давяраю» або «не давяраю» далі 13,6 % рэспандэнтаў.


Кіраўнік цэнтру Сяргей Мусіенка, каментуючы такія вынікі, заявіў, што «Аляксандр Рыгоравіч заслужыў гэты давер цалкам сваёй працаю за 30 гадоў на пасту прэзідэнта».


Сацыёлаг Піліп Біканаў у размове з карэспандэнтам «Белсату» звярнуў увагу ўласна на EcooM, які з’яўляецца ў публічнай прасторы акурат перад выбарамі прэзідэнта, а ў астатні час пра іх нічога не чуваць:


«Кампанія не мае старонкі ў інтэрнэце, ніхто ніколі не бачыў справаздачы гэтай кампаніі за 20 гадоў “плённай” працы на беларускім рынку. Раз на пяць год перад выбарамі прэзідэнта з’яўляецца нейкая навіна пра тое, што EcooM зрабіла апытанне ці нейкае даследаванне, з якога вынікае, што давер да Лукашэнкі даволі блізкі да мэтавых паказнікаў Цэнтрвыбаркаму. Гэтым разам нічога новага не адбылося».


Адмысловец падкрэсліў, што ў сацыялагічнай галіне ледзь не галоўны паказнік якасці – рэпутацыя, а ў цэнтру EcooM яна такая, што даверу іх лічбам няма:

,,

«Не упэўнены, што яны нешта даследуюць. Апублікаваць раз на пяць год нейкія такія вынікі – не трэба даследаванне ладзіць, трэба сесці і напісаць прэс-рэліз. Агулам падрабіць можна што заўгодна, можна наўпрост сфабрыкаваць дадзеныя, можна неяк з інтэрпрэтацыяй пагуляцца і несфабрыкаваныя дадзеныя інтэрпрэтаваць пэўным чынам».


Эксперт адзначыў, напрыклад, фармулёўку пытання: «У якой ступені вы давяраеце прэзідэнту?», з якога вынікае, што недаверу наагул быць не можа, а можа быць толькі розная ступень даверу.


«Нават калі ўявіць, што яны насамрэч хацелі дазнацца ўзровень даверу, то сама фармулёўка трошкі ўплывае. Трэба пытаць “Давяраеце ці не давяраеце?”» – растлумачыў Біканаў.


Ён нагадаў, што ў 2020 годзе, калі EcooM справаздачыўся аб узроўні даверу Лукашэнку ў 78 %, Інстытут сацыялогіі, які тады ўзначальваў Генадзь Коршунаў, падлічыў, што ў Менску палітыку давяраюць толькі 24 %.


«Яны спрабуюць давесці да кагосьці – шчыра, я не ведаю, хто ў іх мэтавая аўдыторыя, – ці то да беларусаў, ці то да нейкіх канкрэтных беларусаў, што народнае падтрыманне Лукашэнкі не проста высокае, а вельмі высокае», – падсумаваў сацыёлаг.

Збор подпісаў за кандыдатаў на прэзідэнцтва. Бераставіцкі раён, Гарадзенская вобласць. 8 лістапада 2024 года. Фота: beresta.by
Збор подпісаў за кандыдатаў на прэзідэнцтва. Бераставіцкі раён, Гарадзенская вобласць. 8 лістапада 2024 года. Фота: beresta.by

Пра рэальныя настроі грамадства апублікаваная цяпер лічба нічога не кажа, упэўнены палітычны аналітык, каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка. У каментары «Белсату» ён заявіў, што гэта проста арыенцір для самой вертыкалі:


«Яны не дэманструюць такі асцярожны баланс накшталт 55–60 %, яны таксама не гатовыя дэманстраваць відавочна нерэальныя вынікі накшталт 97 %, ёсць тое, што было заўсёды, – 80 %. Сістэма самая арыентуецца на 80 % – гэта адзінае, што можна з гэтага апытання вынесці. Але, безумоўна, пра настроі грамадства гэта нічога не кажа».


Мажэйка назваў публікацыю 80-адсоткавага рэйтынгу «зразумелай прапагандысцкай акцыяй»:

,,

«Стварыць уражанне ў грамадства, што быццам бы гэта сапраўдныя лічбы, быццам бы ўсе навокал так думаюць. Гэта вядомы сацыялагічны феномен: людзі схільныя паўтараць тое, што, як яны лічаць, думаюць усе навокал. Мэта – пераконваць людзей, што быццам бы ўсе давяраюць Лукашэнку».


Сам цэнтр EcooM, на меркаванне эксперта, – толькі дэкарацыя ў нібыта дэмакратыі.


«Існуюць такія фэйкавыя інстытуты, створаныя аўтакратыямі, каб імітаваць дэмакратычную дзейнасць – тое самае, быццам бы існуюць альтэрнатыўныя палітычныя партыі. Яны знікаюць паміж выбарамі, на выбарах яны могуць вылучыць нейкага кандыдата, пра якога ніхто нічога не чуў. Гэтаксама і EcooM: імітуе дзейнасць сацыялагічнай інстытуцыі, дзеля гэтага фактычна і існуе, з’яўляецца ў электаральна важныя моманты, выдае толькі прыемныя ўладам дадзеныя», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».


Тым часам у Беларусі працягваецца збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнцтва. Як распавялі «Белсату» чытачы, на прадпрыемствах да работнікаў прыходзяць з двума паперкамі: падпісным лістом за Лукашэнку і аркушам, куды ўпісваюць тых, хто адмаўляецца падпісвацца. Фігурантам чорнага спісу пагражаюць наступствамі, падобна, звальненнем.


Гэты этап перадвыбарчай кампаніі працягнецца да 6 снежня. Да 31 снежня Цэнтрвыбаркам мае зарэгістраваць кандыдатаў, а ўжо з 1 студзеня пачнецца агітацыя. Асноўным днём галасавання прызначанае 26 студзеня.

Таксама глядзіце ў сюжэце:


Сяргей Падсасонны, Аліна Скрабунова, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10