Эдгар Мартырасян – так клічуць аднаго з суддзяў, у выніку дзеянняў якога 22-гадовы палітвязень Дзмітрый Шлетгаўэр апынуўся ў магілёўскай калоніі, дзе памёр. Без бацькі засталося немаўля. «Белсат» вырашыў пазнаёміць сваіх чытачоў з асобай гэтага суддзі.
Суддзя Вярхоўнага суда Эдгар Мартырасян на сайце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Пятра Машэрава, які ён скончыў у 2003 годзе, унесены ў спіс найлепшых выпускнікоў юрыдычнага факультэту. Чым кіравалася кіраўніцтва юрфаку, ствараючы дошку гонару, не паведамляецца, але ёсць верагоднасць таго, што пры змене палітычнага рэжыму ў Беларусі такое рашэнне можа быць перагледжанае.
Са следчых у суддзі
Мартырасян прыйшоў працаваць у судовую сістэму Беларусі ў 2009 годзе. Да таго, паводле звестак арганізацыі BELPOL, ён чатыры гады прапрацаваў следчым у Першамайскім РАУС Віцебска. У 2006 годзе ён быў падвышаны да пасады намесніка начальніка аддзялення, а ў 2007 – да старшага следчага.
У 2009 годзе, толькі прыйшоўшы на пасаду суддзі, Мартырасян вызначыўся сваім першым вядомым палітычным прысудам. Ён аштрафаваў віцебскіх актывістаў Тараса Сургана і Сяргея Каваленку на 20 базавых велічынь кожнага за несанкцыянаванае ўладамі адзначэнне Дзядоў з выкарыстаннем нацыянальных сцягоў.
У 2011 годзе Марытарасян нечакана прызнаў невінаватым Аляксандра Бажкова, затрыманага падчас маўклівых акцыяў пратэсту. Але ўжо ў 2014-м вярнуўся да карных практык. На той момант ён ужо працаваў у Віцебскім абласным судзе. Разам з са сваімі калегамі Ірынай Смаляковай і Святланай Івановай ён прызнаў законнымі штрафы, вынесеныя віцебскім журналістам і актывістам за фотасесіі на тле гарадскога графіці.

Аўтар рэпрэсіўных законаў
31 траўня 2019 года Аляксандр Лукашэнка прызначыў Мартырасяна бестэрмінова суддзёй Вярхоўнага суду, дзе ён і працуе да сёння. Кандыдатуру новага суддзі ў Савеце Рэспублікі, які мусіў фармалізаваць прызначэнне, прадставіў старшыня ВС Валянцін Сукала.
,,Мартырасяна ён назваў адным з лепшых суддзяў Віцебшчыны, адзначыўшы, што ён валодае добрым досведам і адпавядае ўсім крытэрам і патрабаванням да суддзі ВС. На новай пасадзе Мартырасян мусіў займацца крымінальным правасуддзем і судаводствам.
Адзначым, што менавіта ў 2019 годзе, за два месяцы да свайго прызначэння, будучы суддзя Вярхоўнага суду скіраваўся ў дзесяцідзённае падарожжа ў егіпецкі Шарм-эль-Шэйх. Магчыма, у яго былі і іншыя падобныя вандроўкі з тэрыторыі Расеі, але з Беларусі, паводле звестак BELPOL, ён падарожнічаў толькі адзін раз.
У Вярхоўным судзе Мартырасян сярод іншага таксама займаўся карэктаваннем Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП), які ў новым выглядзе набыў моц з 1 сакавіка 2021 года. Гэты варыянт кодэксу сур’ёзна ўзмацніў пакаранне за палітычнае іншадумства. У прыватнасці, былі істотна павышаныя памеры штрафу за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, непадпарадкаванне службовай асобе пры выкананні ёю службовых абавякаў, яе абразу. За паўторны ўдзел у пратэставых акцыях працягласць адміністрацыйнага арышту вырасла ўдвая – з 15 да 30 содняў. Былі ўведзеныя жорсткія штрафы за распаўсюд персанальных звестак фізічных асобаў, у тым ліку сілавікоў. Таксама была прадугледжаная адказнасць за карыстанне забароненай сімволікай і за выкарыстанне аўтатранспарту падчас пратэставых акцыяў (падача сігналу, блакаванне дарог).
Суддзя апошняй інстанцыі
Таксама прынамсі з 2021 года Мартырасян рэгулярна разглядае апеляцыйныя скаргі ў палітычных справах. Сярод артыкулаў, якія фігуравалі ў гэтых справах:
- 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»);
- 290-1 («Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці»);
- 339 («Хуліганства»);
- 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»);
- 356 («Здрада дзяржаве»);
- 358 («Шпіянаж»);
- 361 («Заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»);
- 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім»);
- 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»);
- 361-3 («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу»)
- 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»);
- 364 («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў»);
- 368 («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»);
- 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»).
Агулам, паводле падлікаў рэсурсу ZUBR.cc, Мартырасян з 2021 года разгледзяў апеляцыі не менш як на 21 крымінальную палітычную справу. Часта суды праходзілі ў закрытым рэжыме. Luka.zone адзначае, што Марытарасян датычны да вынясення палітычна матываваных судовых пастаноў, не менш як 11 рашэнняў аб прысуджэнні сама меней 30 гадоў абмежавання або пазбаўлення волі.
,,«На пасадзе суддзі Вярхоўнага суда, у асноўным займаецца разглядам скаргаў на пастановы гарадскіх і абласных судоў, прысуды пераважна пакідае без зменаў», – паведамляе Luka.zone.
Сярод палітвязняў, чые скаргі разглядаў Мартырасян, былы дыпламат Аляксандр Сакалоўскі, які за «здраду дзяржаве» атрымаў 10 гадоў пазбаўлення воля, настаўніца менскай гімназіі Дар’я Хмяльніцкая, якую асудзілі да 5,5 гадоў за ўдзел у пратэстах і данаты ў падтрыманне Украіны, а таксама асуджаны за данаты Аляксандр Зіязэтдзінаў.
Смерць 22-гадовага бацькі
І вось 31 кастрычніка сталася вядома пра смерць аднаго з тых, чыю апеляцыю адхіліў Мартырасян. Паводле звестак «Вясны», у калоніі № 15 у Магілёве памёр грамадзянін Расеі Дзмітрый Шлетгаўэр, які ў 2018 годзе атрымаў беларускі від на жыхарства. Чалавек, знаёмы з сям’ёй палітвязня, расказаў, што ў пасведчанні аб смерці ўказаная прычынай «механічная асфіксія». Паводле яго, кіраўніцтва калоніі не паведаміла родным, што менавіта адбылося. Сям’я заяўляе, што палітвязень не планаваў скончыць з сабой, а наадварот збіраўся пісаць прашэнне аб памілаванні і спадзяваўся як мага хутчэй выйсці на волю. Тым больш, што пакуль Шлетгаэўра судзілі, у яго нарадзілася дзіця.
Улетку Шлетгаўэра прысудзілі да 12 гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму нібыта за шпіянаж (арт. 358 КК) і спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК). 30 жніўня ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме пад старшыньствам Мартырасяна адбыўся разгляд ягонай апеляцыйнай скаргі. Вынікам сталася прызнанне правамоцнасці ранейшага прысуду.

З СІЗА ў магілёўскую ПК-15 мужчыну перавялі ў пачатку кастрычніка і адразу з невядомай прычыны адправілі ў штрафны ізалятар. 12 кастрычніка сваякам паведамілі пра смерць 22-гадовага палітвязня. Мартырасян, які адхіліў апеляцыю, у гэты ж час адзначаў свой 46-ы дзень народзінаў. І ён дагэтуль працягвае працаваць.
Да дзесяці гадоў пазбаўлення волі
Дэлегат Каардынацыйнай рады, юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк адзначыў у каментары «Белсату», што ў беларускім праве ўжо існуе магчымасць для пакарання суддзі. Ён падкрэсліў, што «калі ў краіне некалькі тысячаў экстрэмістаў, гэта кажа аб тым, што гэта ніякія не экстрэмісты ці тэрарысты, а проста спосаб для палітычнага пераследу».
Таму, адзначыў юрыст, Мартырасян мае падлягаць адказнасці паводле артыкула 392 КК («Вынясенне заведама неправасудных прысуду, рашэння ці іншага судовага акта»). Першая яго частка прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі, калі гэтыя дзеянні пацягнулі цяжкія наступствы – ад трох да дзесяці гадоў.
,,«Вынесці прысуд заведама невінаватаму чалавеку – гэта ўжо злачынства. Суддзя ведаў, што ён невінаваты і ўсё роўна асудзіў яго на столькі гадоў у вязніцы», – заявіў юрыст, падкрэсліўшы, што смерць палітвязня – гэта цяжкія наступствы.
Кірылюк таксама пракаментаваў той факт, што перад тым, як стаць суддзёй, Мартырасян працаваў следчым. Ён назваў лепшай практыку, калі чалавек, які хоча працаваць суддзёй, павінен перад тым пэўны час адпрацаваць і адвакатам, і пракурорам, «каб бачыць працэсы з розных бакоў», «бачыць, хто хлусіць, бо выкручваць факты і аргументы ў свой бок могуць абодва бакі».
У Беларусі ж Кірылюк не ведае суддзяў, якія спачатку працавалі ў адвакатуры, але шмат ведае суддзяў, якія працавалі ў падатковых інспекцыях, пракуратуры і іншых дзяржаўных установах. Гэта, на яго думку, ёсць часткай дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на тое, каб «зрабіць секту лаяльных адміністрацыі Лукашэнкі людзей».
«Белсат» напісаў суддзю Мартырасяну ў ВК пытанне, ці ён дагэтуль лічыць адхіленне апеляцыйнай скаргі Шлетгаўэра правамоцным і ці гатовы панесці за сваё рашэнне адказнасць паводле ч. 2 арт. 392 КК. Ён пытанне прачытаў, але на яго не адказаў.
Чацвёртая смерць за 2024 год
Смерць Шлетгаўэра – прынамсі чацвёртая смерць беларускага палітвязня сёлета. Гэтак, 9 красавіка ў берасцейскім СІЗА за тыдзень да суду памёр Аляксандр Кулініч, абвінавачаны ў «абразе» Лукашэнкі. У лютым праз праблемы з сэрцам памёр асуджаны за «паклёп на Лукашэнку» актывіст Ігар Леднік, які адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі. У ноч на 9 студзеня ў віцебскай калоніі ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько, асуджаны за данаты.
Апроч таго, у 2023 годзе памерлі палітзняволеныя Алесь Пушкін і Мікалай Клімовіч, у 2021 годзе – Вітольд Ашурак. А ў 2022 годзе скончыў з сабой 43-гадовы Дзмітрый Дудойць, які быў асуджаны да двух гадоў «хіміі» за каментар пра міліцыянта.
Макар Мыш belsat.eu