«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 11 лістапада чытайце ў нашым матэрыяле.
Планы расейцаў на Куршчыне
Цягам мінулага тыдня працягваліся баявыя дзеянні рознай інтэнсіўнасці на тэрыторыі Курскай вобласці Расеі.
Так, у Глушкоўскім раёне Узброеныя сілы РФ, паводле прарасейскіх крыніцаў, цалкам выбілі праціўніка з ваколіцаў сяла Новы Пуць, у выніку чаго выйшлі да ўчастку дзяржаўнай мяжы. Такім чынам, фактычна расейцам удалося цалкам аднавіць кантроль над тэрыторыяй раёну. Нагадаем, раней Збройныя сілы Украіны намагаліся адрэзаць сілы праціўніка на вялізным участку з поўдня ад ракі Сейм, аднак расейцам удалося тэрмінова стабілізаваць лакальныя прарывы і не дапусціць абвалу фронту.
У суседнім Коранеўскім раёне і прылеглых да яго ўчастках Суджанскага асноўныя баі лакалізуюцца на поўдні і ўсходзе ад сяла Любімаўка. Баявыя дзеянні тут маюць сустрэчны характар, аднак пакуль ніводнаму з бакоў не ўдаецца дасягнуць істотных поспехаў. У прыватнасці, расейцы па-ранейшаму не могуць цалкам атачыць праціўніка на ўчастку паміж сёламі Тоўсты Луг і Ніжні Клін.
Больш удала ідуць справы ў расейцаў на поўначы Суджанскага раёну: тут яны перайшлі ў чарговы наступ з ваколіцаў сяла Паграбкі і цяпер рухаюцца на поўдзень, імкнучыся прабіцца да Віктараўкі. У выпадку поспеху, расейцы паспрабуюць злучыцца са сваімі сіламі ў ваколіцах населеных пунктаў Новаіванаўка і Леанідава і атачыць сілы праціўніка на вялізным участку з захаду ад ракі Малая Локня.
Праўкраінскія крыніцы пацвярджаюць рух расейцаў, пры гэтым заўважаецца, што праціўнік зноў дасягае поспеху за кошт прасоўвання калонамі цяжкай тэхнікі, пры дапамозе якой удаецца дастаўляць жывую сілу.

Паступовае выцісканне ЗСУ на паўночным усходзе
На паўночным усходзе Украіны расейцы па-ранейшаму намагаюцца прабіцца да гораду Купянск у Харкаўскай вобласці. Адначасова з гэтым сам населены пункт руйнуецца ўдарамі авіяцыі і артылерыі войскаў РФ.
Між тым асноўныя поспехі войскаў РФ за апошні тыдзень лакалізуюцца ніжэй па лініі фронту. У прыватнасці, ім удалося зачапіцца за сяло Першатраўневае ў Бараўскім раёне і, магчыма, заняць яго цалкам. У выніку гэтага была перарэзаная адна з дарог да раённага цэнтру.
Яшчэ далей на поўдзень – на ліманскім кірунку – войскі РФ выціскаюць ЗСУ з плацдарму на левым беразе ракі Жарабец: тут, пасля ранейшага заняцця сяла Новасадовае, расейцы зачапіліся за паўночную частку суседніх Цернаў.
Прасоўванні УС РФ на гэтым участку і цяжкае становішча Сілаў абароны Украіны пацвярджаюць і самыя вайскоўцы ЗСУ.
Адначасова з гэтым ажыццяўляецца ўдар на поўдні плацдарму – на ўчастку паміж сёламі Ямпалаўка і Торскае. Магчымы поспех на гэтым участку дазволіць расейцам раздрабіць сілы праціўніка на асобныя ізаляваныя ўчасткі.
Такім чынам, улічваючы агульную дынаміку фронту і сілы бакоў, выглядае на тое, што неўзабаве Збройныя сілы будуць вымушаныя адысці з абодвух пдацдармаў на паўночным усходзе краіны.

Працяг крызісу ўкраінцаў на Данбасе
Разам з тым, найбольш складанай для ЗСУ застаецца сітуацыя ў цэнтральнай і паўднёвай частках Данецкай вобласці.
На тарэцкім кірунку расейцы паступова замацоўваюцца ў шматпавярховай забудове аднайменнага гораду, а таксама спрабуюць абысці населены пункт з паўднёвага захаду цераз сяло Нялепаўка.
На захадзе пакроўскага кірунку УС РФ працягнулі рух з боку раней занятага гораду Сэлыдава і цягам апошняга тыдня дасягнулі сёлаў Грыгораўка і Новааляксееўка. Для ЗСУ прасоўванні праціўніка на гэтых участках фронту ствараюць пагрозу паўатачэння вайскоўцаў на паўночным і паўднёвым захадзе ад Сэлыдава. Акрамя гэтага, рух расейцаў цераз Грыгораўку і Новааляксееўку можа ўказваць на далейшую спробу абысці горад Пакроўск з поўдня.
У гэты ж час на паўднёвым фланзе кірунку расейцы паступова прасоўваюцца ўздоўж Курахаўскага вадасховішча, выціскаючы ЗСУ далей на захад: у прыватнасці, пад кантролем войскаў РФ апынулася сяло Сцяпанаўна, пасля чаго лінія сутыкнення перасунулася ў суседнюю Ільінку.
Яшчэ больш пагоршылася становішча ЗСУ пасля прарыву расейцаў у Сонцаўку: гэты населены пункт знаходзіцца на паўночным захадзе ад вадасховішча, і далейшы рух ад сяла на поўдзень пагражае поўным атачэннем украінцаў. Таксама перспектыва прасоўванняў расейцаў на поўдзень ад Сонцаўкі пагражае пераразаннем трасы Данецк – Запарожжа, што істотна пагоршыць лагістыку ЗСУ на суседнім курахаўскім кірунку, а менавіта, у самім горадзе Курахава. Расейцы ўжо спрабуюць замацавацца на ўсходзе гэтага населенага пункту. Між тым вайскоўцы ЗСУ мяркуюць, што гэты ўдар з’яўляецца другасным, а асноўныя намаганні праціўніка будуць засяроджаныя на спробах паўатачэння гораду, выхад з якога будзе ажыццяўляцца цераз вузкі калідор, што ў выніку прывядзе да вялізных стратаў сярод Сілаў абароны.
Доказам гэтай думкі можна лічыць паралельныя атакі расейцаў у ваколіцах сяла Успенаўка (на паўднёвым захадзе ад гораду), цераз якое ажыццяўляецца асноўная лагістыка паўднёвай часткі ўсяго курахаўскага кірунку.
Улічваючы крытычнае становішча Збройных сілаў на Данбасе і пагрозы атачэння на асобных участках, можна спрагназаваць далейшы абвал фронту і немагчымасць яго стабілізаваць прынамсі да лініі населеных пунктаў Пакроўск – Вялікая Навасёлка.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu