Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету сказаў у эфіры «Белсату», што новы прэзідэнт ЗША будзе штурхаць Еўропу, каб яна станавілася мацнейшаю, а гэта адпавядае інтарэсам беларусаў.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка назваў Доналда Трампа прагматычным палітыкам, які будзе дзеяць у інтарэсах сваіх выбарнікаў. Пры гэтым Злучаныя Штаты Амерыкі зацікаўленыя ў моцнай Еўропе і слабой Расеі, сказаў Латушка ў эфіры «Белсату»:
,,«Я перакананы ў тым, што, у разуменні Трампа, у стратэгічных інтарэсах ЗША... моцная Расея не адпавядае інтарэсам ЗША. Інтарэсам ЗША адпавядае моцная Еўропа. Ці адпавядае гэта нашым інтарэсам, беларусаў, бальшыня якіх хоча жыць у дэмакратычнай краіне, каб Еўропа была моцнаю? Так».
Абраны прэзідэнт Злучаных Штатаў, на думку Латушкі, будзе «прагматычна штурхаць і матываваць» Еўропу, каб тая зрабілася мацнейшаю:
«Так што я бачу тут вялікі плюс у той палітыцы, якую Трамп распачаў яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі. Ён фактычна цвярэзіць розум еўрапейскіх палітыкаў, што развязанне праблемаў Еўропы – гэта перадусім вашая задача, што моцная Еўропа адпавядае вашым інтарэсам, але моцная Еўропа адпавядае інтарэсам ЗША, і стратэгічнае партнёрства Еўропы і ЗША не спыніцца».
Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі перамог на выбарах прэзідэнта ЗША, атрымаўшы 312 галасоў электараў. У прадстаўніцы Дэмакратычнай партыі, віцэ-прэзідэнткі Камалы Гэрыс – 226 галасоў. Трамп перамог ува ўсіх сямі гэтак званых хісткіх штатах.
Аляксандр Лукашэнка, падобна, узрадаваўся перамозе Трампа, павіншаваўшы яго з поспехам, назваўшы яго героем і сказаўшы, што той – моц.
Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч у каментары «Белсату» раней тлумачыў, на што спадзяецца Лукашэнка:
«Доналд Трамп акцэнтуе ўвагу на тым, што задача Злучаных Штатаў у вонкавай палітыцы не столькі падтрыманне дэмакратыі і правоў чалавека ў іншых краінах, колькі абарона інтарэсаў ЗША, як ён іх разумее, то бок акцэнт не на каштоўнасці, а на геапалітыку. Для Лукашэнкі, як і для іншых, скажам так, аўтакратаў у свеце, гэта больш прымальная пазіцыя, чым пазіцыя Дэмакратычнай партыі, якая робіць акцэнт менавіта на дэмакратыі і правах чалавека. Лукашэнка разлічвае, што прагматычныя інтарэсы дзвюх краінаў могуць прывесці да пэўнай нармалізацыі стасункаў».
Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва, колішні прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі казаў «Белсату», што Беларусь застанецца ў полі зроку новай амерыканскай адміністрацыі, бо нашая краіна – суагрэсар у вайне супраць Украіны.
«Беларусь у досыць камфортнай зоне, бо заўсёды захоўваўся двухпартыйны кансэнсус паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі адносна Беларусі. Ёсць выразнае падтрыманне дэмакратычных пажаданняў беларусаў. Мы можам чакаць, што будзе паслядоўнасць, будзе пераемнасць у гэтай палітыцы», – адзначаў Кавалеўскі.
Пры гэтым палітыка Трампа можа прывесці да аслаблення NATO, а гэта «можа стварыць новую прастору для Расеі, якой яна можна скарыстацца дзеля таго, каб узмацніць кантроль над нашай краінай».
Акрамя таго, рэспубліканец прытрымліваецца ізаляцыянісцкай палітыкі (падыходу, згодна з якім Злучаным Штатам трэба менш удзельнічаць у міжнародных справах), а гэта можа пакінуць беларусаў «сам-насам з двума дыктатарамі», Лукашэнкам і Пуціным, падсумаваў Валер Кавалеўскі.
Сцяпан Кубік belsat.eu