Расейскае камандаванне сабрала вялікую колькасць вайскоўцаў у Курскай вобласці для далейшага наступу.
У групоўку ўваходзяць вайскоўцы з УС Расейскай Федэрацыі і Паўночнай Карэі, паведамляе «The New York Time», спасылаючыся на афіцыйных асобаў у Злучаных Штатах і Украіне.
Агулам групоўка налічвае 50 тысяч вайскоўцаў. Перад імі стаіць мэта наступу на Курскую вобласць, каб вярнуць захопленыя войскамі Украіны тэрыторыі.
Як адзначаецца, Расея засяродзіла свае сілы такім чынам дзеля таго, каб не выводзіць сваіх войскаў з усходу Украіны, што для яе цяпер важны кірунак. У той жа час расейскае камандаванне мае намер ціснуць адначасова на некалькіх кірунках, адзначаюць аўтары матэрыялу.
У Кіеве таксама адзначаюць, што чакаюць маштабнага наступу расейскіх і паўночнакарэйскіх войскаў у Курскай вобласці.
Як піша «The New York Time», паўночнакарэйскія вайскоўцы цяпер бяруць удзел у вучэннях разам з расейскай арміяй на захадзе ад Курску. Згодна з паведамленнямі амерыканскага кіраўніцтва, КНДР скіравала ў Курскую вобласць да 10 тысяч салдатаў для падтрымання расейскіх сілаў. Паводле прадстаўнікоў Міністэрства абароны ЗША, салдаты з КНДР апранутыя ў расейскую ўніформу і забяспечаныя Масквой, але, верагодна, будуць браць удзел у баявых дзеяннях у асобных падраздзяленнях.
Таксама паведамляецца, што Расея навучае паўночнакарэйцаў страляць з артылерыі, асноўным тактыкам пяхоты і, што асабліва важна, ачышчаць траншэі. Гэта сведчыць пра тое, што частка паўночнакарэйскіх вайскоўцаў можа быць задзеяная ў франтавых атаках на ўмацаваныя абарончыя пазіцыі ва Украіне.
Эксперты прагназуюць, што паўночнакарэйскія вайскоўцы будуць дзеяць як лёгкая пяхота, без падтрымання браняванай тэхнікі. У звязку з гэтым адзначаецца, што цяпер украінская тактыка, якая залучае артылерыйскія ўдары і выкарыстанне беспілотнікаў, наносіць значныя страты пазіцыям без належнай абароны.
Тым не менш калі расейскія войскі атрымаюць неабходную дапамогу і працягнуць наступ, то могуць паспрабаваць адціснуць украінскія войскі далей ад сваіх межаў.
Адначасова прадстаўнікі амерыканскай абароны не ўпэўненыя, ці дазволіць паўночнакарэйскі ўрад сваім вайскоўцам браць удзел у доўгатэрміновых аперацыях ва Украіне або абмяжуе іхную ролю толькі ўдзелам у абарончых дзеяннях у Курскай вобласці. Частка амерыканскіх службоўцаў мяркуе, што КНДР можа загадваць сваім войскам спыніцца на межах, у той час як расейскія сілы будуць прасоўвацца ўглыб Украіны.
Высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік дадаў, што, паводле украінскай выведкі, КНДР можа скіраваць да 100 тысяч вайскоўцаў для падтрымання Расеі, аднак звесткі пра дадатковае падмацаванне з боку КНДР пакуль не пацверджаныя.
Амерыканскія афіцыйныя асобы мяркуюць, што выціснуць украінскія войскі з Курскай вобласці будзе няпроста, а расейскія і паўночнакарэйскія сілы, верагодна, панясуць значныя страты, падобныя да тых, што ўжо зазнала Расея на ўсходзе Украіны. Паводле амерыканскіх і брытанскіх вайсковых аналітыкаў, штодзённая колькасць загінулых і параненых расейскіх вайскоўцаў складае ў сярэднім больш за 1200 чалавек.
Раман Шавель belsat.eu