навіны

Паміж Трампам і Пуціным адбылася тэлефонная размова

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: gordonua.com
podpis źródła zdjęcia

Абраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп патэлефанаваў Уладзіміру Пуціну і параіў яму не абвастраць сітуацыі ва Украіне. 

Размова паміж абраным прэзідэнтам Злучаных Штатаў Доналдам Трампам і Уладзімірам Пуціным адбылася яшчэ ў чацвер, 7 лістапада, паведамляе «The Washington Post», спасылаючыся на некалькі ананімных крыніцаў, якім вядома пра перамовы.

Падчас тэлефанавання Доналд Трамп параіў расейскаму кіраўніку не абвастраць вайны ва Украіне і нагадаў яму пра значную вайсковую прысутнасць Вашынгтону ў Еўропе.

Палітыкі абмеркавалі ўсталяванне міру на еўрапейскім кантыненце, і Трамп выказаў зацікаўленасць у правядзенні наступных размоваў, каб абмеркаваць «хуткае залагоджанне вайны ва Украіне», паведамляе выданне.

Тэлефанаванне адбылося на фоне агульнай нявызначанасці адносна таго, як Трамп перазагрузіць сусветную дыпламатычную шахматную дошку саюзнікаў і праціўнікаў ЗША пасля сваёй перамогі, падкрэсліла выданне. Яно нагадала, што ў сваёй прэзідэнцкай кампаніі Трамп заявіў, што неадкладна спыніць вайну ва Украіне, але не паведаміў падрабязнасцяў, як ён збіраецца гэта зрабіць. У прыватным парадку ён даў зразумець, што падтрымае ўгоду, паводле якой Расея захавае частку захопленых украінскіх тэрыторыяў.

Пры гэтым «The Washington Post» нагадвае: 7 лістапада Трамп паведаміў NBC, што з моманту выбараў размаўляў прыкладна з 70 сусветнымі лідарамі, у тым ліку з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, да якога таксама далучыўся Ілан Маск.

У сваю чаргу ўрад Украіны быў праінфармаваны пра званок Пуціна і не пярэчыў правядзенню размовы, заявілі дзве асобы, знаёмыя з пытаннем, піша «The Washington Post».

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10