Начны абмен дронамі паміж Украінай і Расеяй закрануў і Беларусь: як мінімум дзесяць расейскіх «Шагэдаў» заходзілі на тэрыторыю нашай краіны гэтай ноччу, тры з іх згубіліся.
Паводле паведамлення маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», расейскія беспілотнікі спачатку заходзілі ў паветраную прастору нашай краіны, вярталіся і заходзілі паўторна. Праз тэрыторыю Беларусі яны таксама вярталіся ў РФ.
Паведамляецца найменей пра 10 дронаў, якія пабывалі ў Беларусі ў ноч з 9 на 10 лістапада. Яны праходзілі праз беларускі калідор Славуціч – Прыпяць, заляталі з Чарнобылю і Лоева і даляталі да Мазырскага раёну.
Дроны заходзілі ў перыяд ад поўначы да 3:00 ночы.
Частка БПЛА, піша «Беларускі Гаюн», пасля разварочвалася над Беларуссю і ляцела назад, на тэрыторыю Украіны.
,,«Так, адзін з дронаў вярнуўся на Чарнігаўшчыну, паўторна заляцеў у Беларусь ужо ў Гомельскім раёне і адтуль пайшоў на Расею», – пішуць аўтары маніторынгавай групы.

Мінімум тры «Шагэды» прапалі над тэрыторыяй Беларусі: адзін пад Брагінам, другі – у Мазырскім раёне, трэці – у Ельскім.
Агулам, паводле звестак Паветраных сілаў ЗСУ, за ноч у Беларусь, Малдову і РФ заляцелі 10 беспілотнікаў. Авіяцыя пры гэтым у неба не ўздымалася.
Гэтай ноччу расейскія войскі асабліва інтэнсіўна атакавалі тэрыторыю Украіны з дапамогай ударных БПЛА. Як адзначыў Уладзімір Зяленскі, у ноч на 10 лістапада сілы РФ запусцілі супраць Украіны рэкордную колькасць «Шагэдаў» і дронаў іншага тыпу – 145. Агулам жа цягам тыдня Расея скарыстала больш за 800 кіраваных авіяцыйных бомбаў, каля 600 ударных дронаў і амаль 20 ракетаў розных тыпаў.
У той жа час вядома, што гэтай ноччу тэрыторыю Расеі таксама атакавалі дроны. Частка з іх была збітая над Маскоўскай вобласцю. Агулам вядома пра 32 збітыя БПЛА. Ёсць траплянні абломкаў у жылыя дамы. Акрамя таго, пацверджана траплянне дронаў на 1060-ы цэнтр матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Узброеных сілаў РФ, у выніку чаго адбыліся пажары, чуліся гукі паўторнай дэтанацыі.
Раман Шавель belsat.eu