Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 35-годдзю падзення Берлінскай сцяны, якія прайшлі ў сталіцы Нямеччыны.
9 лістапада Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у мерапрыемствах каля мемарыялу Берлінскай сцяны разам з прэзідэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, а таксама дзеячамі польскай «Салідарнасці».
Падчас сустрэчы з прэзідэнтам Нямеччыны беларуская дэмакратычная лідарка абмеркавала сітуацыю ў Беларусі і Украіне, пытанне палітвязняў у Беларусі і магчымыя шляхі дапамогі, якую можа аказаць Нямеччына.

Пасля гэтага Ціханоўская ўзяла ўдзел у размалёўцы кавалка Берлінскай сцяны, прысвечанага Беларусі, які знаходзіцца ў цэнтры горада на Патсдамер Пляц.
У працэсе размалёўкі разам са Святланай Ціханоўскай і сябрамі ейнага офісу таксама бралі ўдзел рэжысёр Андрэй Гнёт, які пасля вызвалення з хатняга арышту ў Сербіі прыехаў у Нямеччыну, і пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Разам з іншымі беларусамі Берліна яны абнавілі колеры і дадалі надпіс: «Свабоду ўсім палітычным вязням» на кавалку Берлінскай сцяны.
Падчас мерапрыемства Святлана Ціханоўская адзначыла, што Берлінская сцяна мае вельмі важнае сімвалічнае значэнне для беларусаў.
,,«Як паказала падзенне Берлінскай сцяны, змены могуць прыйсці тады, калі іх ніхто не чакае, і мы павінны быць да іх гатовыя. Мы працягнем змагацца за тое, каб наблізіць гэтыя змены. Берлінская сцяна рухнула дзякуючы мужнасці простых людзей – і такім жа чынам упадуць сцены прыгнёту ў Беларусі. Кожны акт непадпарадкавання – малы ці вялікі – набліжае нас на адзін крок. Разам мы разбурым усе сцены, якія аддзяляюць нас ад вольнай і дэмакратычнай будучыні», – прыводзіць словы Святланы Ціханоўскай яе прэс-служба.
Акцыя па размалёўцы і абнаўленні надпісаў мела сімвалічнае значэнне і стала сімвалам абнаўлення і пераасэнсавання каштоўнасцяў свабоды ды адзінства, якія сталі магчымымі пасля падзення Берлінскай сцяны.
Раман Шавель belsat.eu