У Берліне на маладзёжную каманду ізраільскага футбольнага клуба «TuS Makkabi» напалі невядомыя. Намеры нападнікаў, як мяркуецца, былі антысеміцкімі.
Інцыдэнт адбыўся пасля матчу з нямецкай камандай «Schwarz-Weiß Neukölln», паведамляе Bild.
Атмасфера падчас гульні была напружанай і варожай, адзначыў бацька аднаго з футбалістаў. Пасля матчу група агрэсіўных фанатаў з нажамі і палкамі пераследавала гульцоў, якія спрабавалі дабрацца да машын сваіх бацькоў і вымушаны былі ўцякаць.
Нападнікі выкрыквалі абразлівыя фразы ў адрас футбалістаў, а таксама лозунг «Свабоду Палестыне!».
Прэзідэнт клуба «Makkabi Deutschland» Алон Меер пацвердзіў факт нападу і запэўніў, што клуб зробіць усё магчымае для расследавання інцыдэнту.
Пасля здарэння кіраўнік берлінскага аддзялення СДПГ Раед Салех заклікаў правесці расследаванне, падкрэсліўшы, што ў спорце Берліна няма месца антысемітызму, гвалту і нянавісці.
Нагадаем, што ўвечары 7 лістапада ў Амстэрдаме адбылася серыя нападаў на заўзятараў тэль-авіўскага футбольнага клубу «Макабі» пасля матчу з нідэрландскім «Аяксам». У выніку пацярпелі 12 чалавек, сярод іх былі ахвяры з нажавымі ранамі. Напады праходзілі ў розных частках гораду і, верагодна, мелі спланаваны характар. Некаторыя нападнікі былі ў масках і з палесцінскімі сцягамі, яны выкрыквалі лозунгі «Свабоду Палестыне».
Раман Шавель belsat.eu