Меркаваннi

Ці будзе Польшча збіваць ракеты над Украінай? Не ўсё так проста

Ілюстрацыйны здымак. Ракетныя комплексы Patriot каля сталіцы Польшчы. Фота: Jaap Arriens/NurPhoto via Getty Images
Ілюстрацыйны здымак. Ракетныя комплексы Patriot каля сталіцы Польшчы. Фота: Jaap Arriens/NurPhoto via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Апошнім часам актуалізавалася дыскусія наконт магчымага выкарыстання польскай супрацьпаветранай абароны на польска-ўкраінскім памежжы. Аднак тут ёсць некалькі значных нюансаў.

Паўночнакарэйскія салдаты маршыруюць падчас параду ў Пхеньяне, Паўночная Карэя. Фота: AP Photo / Kin Cheung / East News
«Карэйскі сцэнар»: да чаго прывядзе ўдзел КНДР у вайне з Украінай Аналітыка

Гучная навіна абляцела СМІ, калі на днях чальцы Палаты прадстаўнікоў ЗША рэспубліканец Джо Ўілсан і дэмакрат Стыў Коўэн звярнуліся да амерыканскага прэзідэнта з просьбай даць Польшчы паўнамоцтвы перахопліваць над Украінай ракеты, асабліва тыя, што пагражаюць польскай паветранай прасторы. Але, па-першае, пакуль гаворка толькі пра двух сенатараў. І іхны зварот зусім не азначае, што заўтра Польшча пачне збіваць расейскія ракеты над Украінай. Тэма ёсць, але абмяркоўваецца зусім іншае.

Чаму Польшча не збівае расейскіх ракетаў?

Кіраўнік польскай дыпламатыі Радослаў Сікорскі неаднаразова казаў, што Польшча хоча «зрэалізаваць права на ўласную абарону» і атрымаць згоду на перахоп ракетаў, што ляцяць у кірунку польскай паветранай прасторы. З пачатку агрэсіі Масквы расейскія ракеты неаднаразова парушалі польскую паветраную прастору. І тут гаворка ідзе выключна пра ракеты, што пагражаюць Польшчы. Але нават гэты крок мусіць быць супольнай пастановай краінаў NATO – і ў прыватнасці, ЗША. Ёсць і юрыдычны нюанс, што абмяркоўваецца ў Польшчы.

Можам уявіць наступную сітуацыю: выпушчаная расейцамі ракета парушае на некалькі секундаў паветраную прастору Польшчы і ідзе ў бок Украіны. Польская паветраная абарона яе збівае, абломкі ракеты трапляюць у жылы дом, гінуць людзі. Хто ў такім выпадку нясе юрыдычную і матэрыяльную адказнасць? Ва Украіне вайна, ваеннае становішча, там усё ясна. У Польшчы нічога такога няма. Родныя забітых могуць пайсці ў польскі (а можа, і ў міжнародны) суд, запатрабуюць многамільённай кампенсацыі. Палітыкам трэба будзе тлумачыць, чаму гэтую ракету збілі і ці сапраўды яна пагражала Польшчы. Гэта вялікія рэпутацыйныя рызыкі. Таму такая пастанова вымагае грунтоўнай супольнай працы палітыкаў, вайскоўцаў і праўнікаў.

Не спрыяе гэтаму і гісторыя са снарадам, што ўпаў 15 лістапада 2022 года ў вёсцы Пшэводаў (у Грубешаўскім павеце Люблінскага ваяводства), тады загінулі двое грамадзян Польшчы. Паводле польскіх следчых, ракета належала ўкраінскай супрацьпаветранай абароне і трапіла ў Польшчу ў выніку няшчаснага выпадку падчас расейскага ракетнага абстрэлу Украіны. Але польская пракуратура мусіла часова прыпыніць следства ў студзені. Прычына – адсутнасць супрацы з украінскага боку.

Пастанову мусяць прыняць усе краіны NATO

Кіеў жа намагаецца пераканаць заходніх партнёраў, каб супрацьпаветраная абарона краінаў NATO (у прыватнасці, Польшчы) стварыла «парасон» прынамсі над заходняй Украінай. Сёння такі крок падаецца вельмі малаімаверным, бо тут, у параўнанні са збіццём ракетаў у памежнай зоне, рызыкі канфлікту з Расеяй павялічваюцца ў некалькі разоў. І такая пастанова таксама мусіць прымацца пры згодзе ўсіх краінаў NATO. Польшча ніколі не пойдзе на тое, каб браць на сябе адказнасць за такія рызыкоўныя крокі самастойна без згоды (і свядомага ўдзелу) краінаў Альянсу.

Але нельга выключаць, што калі наступны прэзідэнт ЗША, Доналд Трамп, захоча прымусіць Уладзіміра Пуціна да спынення вайны, гэты аргумент (выкарыстанне супрацьпаветранай абароны NATO ў дапамозе Украіне) можа таксама гучаць. Але такія размовы, калі і пачнуцца, дык, хутчэй за ўсё, толькі пасля інаўгурацыі Трампа. Кадэнцыя дзейнага прэзідэнта Джо Байдэна завяршаецца 20 студзеня.

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10