Беларускі мастак і акцыяніст Уладзіслаў Бохан у чарговы раз даслаў у расейскія школы патрабаванне правесці шалёную «патрыятычную» акцыю. Што сказалі, тое й зрабілі. Відэа з акцыі можна паглядзець на Ютуб-канале ByLOL_fun.
Самы цярплівы пласт дзяржработнікаў гэтым разам праз «загад» прымусілі зрабіць з фольгі «шлем Айчыны» супраць «апраменьвання спадарожнікамі NATO».
Адгукнуліся сем установаў адукацыі: Баброўскі адукацыйны цэнтр «Лідар», Крыкшанская СШ №3, Каладзезянская ЗАШ, Новаваронежская ЗАШ №1, Архангельская ЗАШ, а таксама Байчураўская і Нікольская школы. Пасля акцыяніст арганізаваў на сваім канале галасаванне на лепшае выкананне. Пакуль у лідарах Баброўскі адукацыйны цэнтр «Лідар».

Раней расейскія настаўнікі на загад пранкера ўшанавалі Бандэру і «святую Святлану», павіншавалі Пуціна партрэтам Сцяпана Бандэры і нават сфатаграфаваліся з партрэтам Бохана нібыта ён герой вайны.
Уладзіслаў тлумачыць свае акцыі даследаваннем фашызацыі Расеі — калі людзі робяцца бязмоўна гатовымі выконваць усё, што патрабуюць ад іх расейскія ўлады.
Тэса Анэйда belsat.eu