навіны

Тэрмін зняволення блогера Спірына скончыўся, але ён не выйшаў на волю

Павел Спірын. Крыніца: naviny.by
Павел Спірын. Крыніца: naviny.by
podpis źródła zdjęcia

Над палітвязнем хутка распачнецца новы суд, каб дадаць яму яшчэ адзін год зняволення.

У Бабруйску 20 лістапада распачнецца суд над палітзняволеным Паўлам Спірыным, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

У снежні 2024 года Павел Спірын меў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну пазбаўлення волі ў 4,5 года. Але з ініцыятывы адміністрацыі бабруйскай калоніі № 2 супраць палітвязня завялі новую крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу. За «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» яму могуць дадаць яшчэ адзін год зняволення. Апошнім часам так робяць супраць шматлікіх беларускіх палітвязняў, як, напрыклад, Паліны Шарэнды-Панасюк і Зміцера Дашкевіча. Суддзі ні разу яшчэ не апраўдалі палітвязня ў такой справе. Судзіць Паўла будзе Дзмітрый Свірыдаў.

Павел Спірын — беларускі палітычны блогер. Яго затрымалі 9 верасня 2020 года пасля выпуску новага відэароліку. На апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі блогер заявіў пра свой намер стаць кандыдатам у прэзідэнты, аднак Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла яго ініцыятыўнай групе ў рэгістрацыі. Павел рэзка выказваўся ў дачыненні да Лукашэнкі ў сваім выступе на пасяджэнні ЦВК, якое транслявалася ў жывым эфіры, што магло быць адной з прычынаў пераследу. Пазней ён зрабіўся даверанаю асобаю кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Спірына абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (наўмысныя дзеянні, скіраваныя на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або разладу паводле прыкметы расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці). Суддзя Мінскага гарадскога суда Дзіна Кучук 5 лютага 2021 года прызначыла блогеру чатыры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10