6 лістапада ў Менску заўважылі нямецкага актора. А праз два дні ён зладзіў прэс-канферэнцыю, дзе распавёў, навошта прыехаў. Спойлер — зусім не для фільму.
Перш за ўсё ў яго спыталі, што гугліў актор перад паездкаю ў Беларусь. Той з усмешкаю адказаў: «Пра памер краіны і рост насельніцтва».
У Беларусі Тыль Швайгер упершыню, але кажа, што чуў шмат добрага. Праўда, па Менску пагуляць не паспеў – загружаны графік на здымачнай пляцоўцы. Але паспеў схадзіць да лекара па вітаміны.
– Мне было цікава прыехаць у Беларусь – у Расеі быў разоў дзесяць, а ў вас – ні разу, – бо водгукі чуў толькі самыя лепшыя, – перадаюць ягоныя словы «Минск-Новости». – Мне спадабалася ежа, культура, людзі і тое, як да мяне тут ставяцца. Мне таксама далі лекара, які дапамог з вітамінамі: я пачуваюся нібы нанова народжаным – свежым і бадзёрым, – сказаў ён.
На пытанне, у якім жанры ён зняў бы фільм пра Беларусь, Швайгер адказаў, што гэта быў бы экшн.
– Гэта дакладна быў бы экшн, – адказаў актор і рэжысёр. – Паводле сюжэту – помста галоўнага героя за забітую жонку.
Таксама сталася вядома, што актора запрасілі для здымак у «промароліку працягласцю 5–7 хвілінаў» блокчэйнінгавай кампаніі, што апісваюць як беларускую, але галаўны офіс яна мае ў Бразіліі. Пры гэтым беларускі пілот Антон Пазнякоў казаў, што ролікаў будзе тры: адзін пра дрыфт, другі – рэклама Беларусі і трэці – рэаліці-шоу здымачнага жыцця. У дзяржаўных медыях Беларусі свая версія: гэта будзе фільм пра дрыфт у Беларусі: «кадры ўвойдуць у трэйлер да мастацкага фільму, што выйдзе ў галівудскі пракат у будучыні».
Як бы там ні было, паводле словаў рэжысёра будучага роліку, відэаблокчэйнінгавая кампанія шукала «цікавых і вядомых асобаў», а з Тылем «удалося досыць хутка звязацца і атрымаць згоду на ўдзел».
У роліку Швайгер будзе не пілотам, а зоркаю, блізкаю да аўтаспорту, якая бярэ ўдзел ў запуску новага аўтамабіля на аснове штучнага інтэлекту. У Беларусі гоначным балідам ён кіраваць не рызыкнуў, палічыў за лепшае застацца на пасажырскім сядзенні.
Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская прызналася, «што цяпер, калі ў краіне пануе тэрор», для яе «было вялікім расчараваннем убачыць візіт Тыля Швайгера».
Нагадаем, Тыль Швайгер вядомы роляю Марціна Брэста ў крымінальнай камедыі «Грукаючы ў нябесную браму», а таксама працамі ў фільмах «Бясслаўныя вырадкі», «Значыць, вайна». Акрамя таго, ён рэжысёр фільмаў «Басанож па брукаванцы», «Прыгажунчык» і «Прыгажунчык 2».
Тэса Анэйда belsat.eu