Іранскага грамадзяніна падазраюць у тым, што іранскі рэжым даручыў яму рыхтаваць забойствы шэрагу цэляў, у тым ліку выбранага прэзідэнта ЗША.
Дэпартамент юстыцыі ЗША апублікаваў 8 лістапада паведамленне аб выстаўленні абвінавачванняў у замаху на замоўнае забойства агенту іранскага Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі і двум жыхарам Нью-Ёрку.
Галоўны фігурант – 51-гадовы іранец Фархад Шакеры – застаецца на волі і, як мяркуецца, знаходзіцца ў Іране. Яго называюць агентам Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) – часткі Узброеных сілаў Ірану, якая выконвае функцыі шэрагу спецслужбаў, у тым ліку палітычнай паліцыі. Расказваюць, што ў дзяцінстве Шакеры эміграваў у ЗША, але правёў 14 гадоў за кратамі за рабаванне і быў дэпартаваны ў 2008 годзе
Мяркуецца, што ён ствараў злачынную сетку, у тым ліку наняў двух жыхароў Нью-Ёрку: 49-гадовага Карлісту Рывэру і 36-гадовага Джонатана Лодхолта, каб сачыць за грамадзянінам Злучаных Штатаў іранскага паходжання – журналіста і крытыка іранскага рэжыму. Рывэру і Лодхолта затрымалі, выставілі ім абвінавачванні і заключылі іх пад варту да суду. Сцвярджаюць, што Шакеры абяцаў ім 100 тысяч долараў.
Шакеры, як сцвярджае Дэпартамент юстыцыі, рыхтаваў на заданне іранскага рэжыму сетку злачынных супольнасцяў дзеля спрыяння змовам, у тым ліку забойству выбранага прэзідэнта ЗША Доналда Трампа, а таксама іншых лідараў ураду і іранскіх дысідэнтаў. План забойства Трампа Шакеры меў прадставіць 7 лістапада – пра гэта ён расказаў у размовах з амерыканскімі агентамі. Ён сцвярджаў, што не збіраўся прапаноўваць план у тэрміны, пазначаныя КВІР. Таксама ён распавёў, што меў даручэнне сачыць за двума амерыканскімі грамадзянамі габрэйскага паходжання, а за забойства любога з іх КВІР абяцала яму 500 тысяч долараў. Таксама яму даручалі сачыць за амерыканскімі турыстамі ў Шры-Ланцы.
На думку Дэпартаменту юстыцыі, Іран не толькі пераследуе іншадумцаў, але і хоча адпомсціць за генерала Касэма Салеймані, забітага ракетай на загад Трампа ў 2020 годзе.
За час выбарчай кампаніі 2024 года на Трампа рабілі два замахі. Першы раз злачынец стрэліў у Трампа з вінтоўкі AR-15, але толькі зачапіў вуха – і сам быў застрэлены праваахоўнікамі. Другі раз злачынец не паспеў стрэліць у Трампа з AK-47, пасля перастрэлкі з праваахоўнікамі быў арыштаваны. Абодва стралкі – амерыканцы.
Алесь Наваборскі belsat.eu