«Марафон адзінства» – у Пінску. Праўладная акцыя праходзіць ужо ў чацвёртым з чатырнаццаці запланаваных гарадоў Беларусі. Сярод арганізатараў марафону ды актыўных удзельнікаў – чальцы афіцыйных прафсаюзаў. Чым насамрэч сёння занятыя беларускія прафсаюзы і ці выконваюць яны свае першапачатковыя абавязкі, распавялі нашыя адмыслоўцы.
Праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі актыўна далучылася і да правядзення прэзідэнцкіх выбраў. Кожны шосты прадстаўнік у ста пяцідзесяці трох тэрытарыяльных камісіях – з гэтае арганізацыі. А старшыня ФПБ Юрый Сянько ачоліў ініцыятыўную групу ў вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам на прэзідэнта.
Федэрацыя, якая днямі адзначыла сто дваццатую гадавіну, пазіцыянуе сябе як самая масавая грамадская арганізацыя ў краіне. Яна налічвае каля чатырох мільёнаў чальцоў. Сваёй жа галоўнай мэтай ФПБ называе абарону правоў працоўных.
Максім Пазнякоў, в. а. старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, адзначае, што прафсаюзы акурат і створаныя для таго, каб абараняць правы працоўных, каб ладзіць страйкі, нейкія пратэсты супраць парушэнняў іхных правоў, каб павялічыць заробкі, бо працоўны клас – гэта самы масавы клас у свеце. Аднак фактычна Федэрацыя прафсаюзаў, больш за дваццаць гадоў падкантрольная Лукашэнку і выконвае зусім іншыя задачы.
,,«Цяпер ён іх выкарыстоўвае як частку дзяржаўнай вертыкалі ўлады, якая мусіць кантраляваць працоўных і глядзець, каб там нешта не здарылася на прадпрыемствах», - кажа Максім Пазнякоў.
Хаця і ўладкаваннем справаў працоўных – ад нявыплаты заробкаў да незаконных звальненняў – праўладныя прафсаюзы таксама займаюцца. Справаздачы пра такія выпадкі можна знайсці на інтэрнэт-рэсурсах ФПБ пад агульнай рубрыкаю «Дапамог прафсаюз». Але…
,,«Гэтыя працоўныя споры... Індывідуальных іх можа быць шмат. І там могуць нават арганізацыі ФПБ прадстаўляць людзей. Але калі даходзіць да калектыўных, калі могуць парушацца правы групы людзей, гэтага ў Беларусі існаваць не можа», - падкрэслівае сузаснавальнік «Рабочага руху» Юрый Рававы.
Да таго ж, пры ўрэгуляванні працоўных спрэчак праўладныя прафсаюзы прынамсі публічна прытрымліваюцца дыпламатычнай тактыкі.
Любыя ж пратэсты працоўных у сённяшняй Беларусі немагчымыя. Апошнія прайшлі ў 2020 годзе пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. Працоўныя арганізоўвалі ўласныя шэсці і ўдзельнічалі ў маршах. Але ніводнае прадпрыемства не спыняла працы. І нягледзячы на тое, што вялікага страйку не адбылося, Лукашэнка дагэтуль баіцца паўтору тых падзеяў, адзначыў Юрый Рававы.
Пасля 2020 года ўлады ўзмацнілі ціск на незалежныя прафсаюзы. У чэрвені 2022-га Вярхоўны суд зліквідаваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і чатыры яго сяброўскія арганізацыі. Старшыню асацыяцыі Аляксандра Ярашука ўлады асудзілі на чатыры гады калоніі за нібыта заклікі да санкцыяў. У зняволенні застаецца Генадзь Фядыніч, які адбывае дзевяцігадовы тэрмін, ды іншыя лідары незалежных прафсаюзаў.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Ірына Юр’ева, «Белсат»