За галоўнымі падзеямі, што ўплываюць на жыццё беларусаў ці выклікаюць шырокі рэзананс у грамадстве, разам з «Белсатам» сочыць мастак Дэ Лёс.
Аб’ядналіся з суседзямі – і ўжо экстрэмісты
Рэпрэсіі ў Беларусі не толькі не спыняюцца, але і ахопліваюць усё новыя і новыя катэгорыі звычайных грамадзянаў. Камітэт дзяржаўнае бяспекі і Міністэрства ўнутраных справаў прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» шэраг дваровых чатаў. Адпаведны дакумент на сайце МУС папоўніла ініцыятыва «Ордэн», куды, паводле КДБ, уваходзяць «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца2.0», «Солідарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», а таксама арганізацыя «Соседи». Пастанова была прынятая 29 кастрычніка.
Сілавікі падазраюць чарговую змову
Вынікам з’яўлення новых «экстрэмістаў» меркавана сталася і новая хваля затрыманняў. Маштабныя рэйды прайшлі па ўсёй краіне 31 кастрычніка – 1 лістапада. Як паведамілі праваабаронцы, да людзей прыходзілі супрацоўнікі КДБ у межах крымінальнай справы паводле артыкулу 357 КК РБ («змова з мэтаю захопу дзяржаўнай улады»). Не выключана, што змову сілавікі ўбачылі акурат у дваровых чатах.
Але не толькі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ёсць і іншыя нагоды для затрыманняў: удзел у грамадскіх мірных акцыях яшчэ ў 2020 годзе, падпіскі на «крамольныя» сайты і тэлеграм-каналы, пастаўленыя подпісы ў 2020-м за кандыдатаў на выбарах, дапамога сем'ям палітвязняў, атрыманне дапамогі ад «BYSOL» і «BY_Help». Некаторых затрымлівалі цэлымі сем’ямі – разам з жонкамі ці мужамі. Толькі на Гарадзеншчыне былі затрыманыя як найменей 40 чалавек. У поле зроку сілавікоў трапілі жыхары Слоніму, Смаргоні, Наваградку.
Адразу пасля хвалі затрыманняў на волю праз памілаванне выйшаў 31 палітвязень. Але гэта не павінна ўвесці ў зман грамадскасць, адзначаюць прадстаўнікі дэмсілаў. «Рэжым імкнецца стварыць уражанне нейкіх зменаў, але рэчаіснасць гаворыць аб адваротным, – прарэагавала на гэтыя падзеі прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская. Паводле інфармацыі АПК, толькі за апошні тыдзень затрымалі не менш як 100 чалавек.

Кандыдаты ў кандыдаты выйшлі на старт
Усе гэтыя падзеі, як вызваленні, так і новыя пасадкі, эксперты звязваюць з выбарчай кампаніяй, што «па-хуткаму» праходзіць у нашай краіне.
Толькі 23 кастрычніка сталася вядома, калі адбудуцца прэзідэнцкія выбары, а ўжо 1 лістапада – апошні дзень, калі можна было падаць дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў для вылучэння кандыдатаў на прэзідэнцтва. З 7 лістапада патэнцыйныя кандыдаты ў кандыдаты, якіх набралася 7 чалавек, пачалі весела збіраць подпісы.
Ды адмыслоўцы раяць не чакаць нейкіх сюрпрызаў ад гэтых выбараў. «Няма ніякага палітычнага працэсу ў грамадстве. Усё зліквідавана, закатана ў асфальт. Таму няма ў грамадстве і магчымых кандыдатаў, бо людзі сёння ў Беларусі баяцца заяўляць пра сваю палітычную пазіцыю», – патлумачыў «Белсату» палітычны аналітык Вадзім Мажэйка. Сярод патэнцыйных кандыдатаў нават няма намёкаў на апазіцыйнасць. Яны наадварот падкрэсліваюць, што падтрымліваюць дзейнага кіраўніка і тым самым пацвярджаюць свой статус спойлераў.

Новы стары прэзідэнт
Тым часам у краіне, дзе выбары сапраўдныя, абралі новага, але добра вядомага свету прэзідэнта: найбліжэйшыя 4 гады гаспадаром Белага дому будзе Доналд Трамп.
Камала Гэрыс, якая прайграла прэзідэнцкія выбары Доналду Трампу 6 лістапада, выступіла перад сваімі прыхільнікамі і паабяцала, што працягне барацьбу «за свабоду, магчымасці, сумленнасць і годнасць». «Барацьба за нашую свабоду – гэта цяжкая праца. Але гэта добрая праца, яна можа прыносіць задавальненне. І заўсёды вартая таго», – заявіла яна.
Новай кадэнцыі Трампа чакаюць, хто з надзеяй, хто з жахам. Узгадваючы ягоныя абяцанні падчас выбарчай кампаніі, варта памятаць, што яны не заўсёды выконваюцца.

Што да Беларусі, то, на думку кіраўніка Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валера Кавалеўскага, палітыка Трампа адносна Менску наўрад ці будзе адарваная ад нацыянальных інтарэсаў ЗША ці ад партыйнай пазіцыі ягонай Рэспубліканскай партыі. У тым ліку таму, што ёсць пэўныя механізмы, працэдуры і законы, што «будуць утрымліваць яго ў нейкай каляіне», больш-менш традыцыйнай для Злучаных Штатаў.
«І ў гэтым сэнсе Беларусь у досыць камфортнай зоне, бо заўсёды захоўваўся двухпартыйны кансэнсус паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі наконт Беларусі. Ёсць выразнае падтрыманне дэмакратычных пажаданняў беларусаў. Мы можам чакаць, што будзе паслядоўнасць, будзе пераемнасць у гэтай палітыцы», – сказаў Кавалеўскі.

Ну дык што там з роўмінгам?
Адмену роўмінгу ў Саюзнай дзяржаве абмяркоўваюць як мінімум з 2018 года. Але за гэты час бясплатнымі зрабіліся толькі ўваходныя званкі ў роўмінгу. Дамовіцца пра зніжэнне кошту выходных званкоў усё ніяк не ўдавалася.
Нарэшце названы нават тэрмін скасавання роўмінгу – 1 сакавіка 2025-га. Пра дасягненне канчатковай дамоўленасці паміж дзвюма краінамі ў пытанні адмены роўмінгу 5 лістапада паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка па выніках пасяджэння Саўміну Саюзнай дзяржавы.
Калі ўсё будзе паводле плану, то з 1 сакавіка выходныя званкі і інтэрнэт у роўмінгу ў межах гэтак званай Саюзнай дзяржавы будуць каштаваць як званкі ў дамашняй сетцы. Але ёсць імавернасць, што тэрміны зноў могуць перанесці.
Дэ Лёс belsat.eu