навіны

Беларускую фатографку абакралі ў Варшаве – суайчыннікі дапамаглі ёй замовамі фотасесіяў

img
Фатографка Яна. Фота: Fotograf Jana / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Падчас фотасесіі ў Яны скралі заплечнік з аб’ектывамі і дакументамі на скутар – другую крыніцу ейнага заробку. Беларусы ёй дапамаглі: сталі запісвацца на фотасесіі, хоць у фатографкі застаўся толькі адзін аб’ектыў.

Машыны і трамваі едуць па Ерусалімскаму праспекту ў цэнтры Варшавы, Польшча. 8 красавіка 2024 года. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)

У Польшчы махляры крадуць нумарныя знакі з беларускіх аўтамабіляў

навіны

Беларуска Яна працуе ў Варшаве фатографкай і падпрацоўвае кур’еркай. Нядаўна ў яе скралі апаратуру і дакументы на скутар – яна баялася, што страціць абедзве крыніцы заробку. Але, як расказвае «Most», злачынцы вярнулі дакументы, а беларусы сталі запісвацца да фатографкі на здымкі і забяспечылі яе працай.


Яна жыве ў Варшаве ўжо тры гады, адна выхоўвае сына. У Беларусі яна мела сваё івэнт-агенцтва. У Польшчы спачатку працавала ў піцэрыі, але калі сарвала спіну, пастанавіла знайсці лягчэйшую працу: зладзілася кур’еркай і пайшла на фотакурсы. Купіла абсталявання на 4 тысячы долараў – дапамог нават 12-гадовы сын, які меў ашчаджэнні з продажу ліманадаў.


На адной з фотасесіяў у варшаўскім Старым горадзе ў яе скралі заплечнік, у якім былі аб’ектывы, выбліск і дакументы на скутар. Як гэта адбылося, яна не заўважыла, хоць той заплечнік быў за метр ад яе, а здымкі былі яшчэ ў светлы час.


Яна падала заяву ў паліцыю, у пастарунку ў яе здарылася панічная атака. Паліцыянты яе супакойвалі тым, што раз злачынцы ўжо нацэліліся на тэхніку, дык усё роўна скралі б: пасля фотасесіі сарвалі б з яе заплечнік і ўцяклі. Таксама расказалі, што за апошні час яшчэ два фатографы сталі ахвярамі злодзеяў.


На аднаўленне дакументаў спатрэбілася б два тыдні, без іх Яна не можа працаваць кур’еркай. Яна звярнулася па дапамогу да чытачоў у сацсетках. І беларусы Варшавы сталі запісвацца да яе на фотасесіі – хоць у фатографкі і застаўся толькі адзін аб’ектыў, няма выбліску. Яна кажа, што такога падтрымання на чакала, ад гэтага ў яе палепшыўся стан і спыніліся панічныя атакі.

,,

«Такое падтрыманне ад беларусаў, што хоцькі-няхоцькі не здасіся. Цяпер я разумею, што не адна – мне дапамагаюць», – кажа Яна.


Жанчыне выдалі даведку, з якой можна было б аднавіць дакументы на скутар, але праз тыдзень яна знайшла арыгінальныя дакументы ў паштовай скрынцы. Праўда, пасля падачы дакументаў на аднаўленне старыя ўжо лічацца нядзейнымі. Яна лічыць, што злодзеяў можна вылічыць праз камеры назірання ў пад’ездзе і адбіткі пальцаў на дакументах.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10