навіны

У Расеі двух вайскоўцаў асудзілі за забойства 9 мірных жыхароў украінскай Валнавахі

img
Асуджаныя Антон Сопаў (злева) і Станіслаў Раў (справа). Калаж: Антон Сопов / Станислав Рау / VK / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Двух расейскіх вайскоўцаў асудзілі на пажыццёвае зняволенне за забойства сям’і з дзевяці чалавек у акупаванай Валнавасе Данецкай вобласці Украіны восенню 2023 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі салдат трымае беспілотнік Mavic падчас вучэннях пад Краматорскам, Украіна. 24 кастрычніка 2024 года. Фота: Andre Luis Alves / Anadolu Agency via Getty Images

Імклівы рух расейцаў на поўдні Данбасу. Ці ўтрымаюць ЗСУ Курахава?

Вайна

Паўднёвы акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне 8 лістапада асудзіў двух вайскоўцаў кантрактнай службы (былых баевікоў ПВК Вагнэра) Антона Сопава і Станіслава Раў на пажыццёвае зняволенне ў Валнавасе, піша «Коммерсантъ». Суд праходзіў у закрытым рэжыме.


Асуджаныя не прызналі віну і маюць абскардзіць пастанову, расказвае «Коммерсантъ». Ды раней ТАСС паведамляў, што яны часткова прызналі віну – не прызналі толькі, што рабілі гэта «грамадска небяспечным спосабам і з нянавісці паводле прыкметы нацыянальнасці».


Антону Сопаву 21 год, ён з Прыморскага краю. У лютым 2023-га яго асудзілі за дзедаўшчыну. Станіславу Раў 28 гадоў, ён родам з Алтайскага краю. Абодва асуджаныя не жанатыя, не маюць дзяцей.


Паводле следства, у ноч на 28 кастрычніка 2023 года яны праніклі ў прыватны дом сям’і Капканец у Валнавасе, забілі з аўтаматаў з глушыльнікамі ўсю сям’ю: 53-гадовага Эдуарда Капканца і ягоную жонку Таццяну, двух дарослых сыноў з іхнымі жонкамі, дзевяцігадовую ўнучку, чатырохгадовага ўнука і яшчэ аднаго далёкага родзіча гаспадароў. Меркавалася, што забойства было звязанае са спробаю дастаць гарэлку, забароненую ў «зоне спецыяльнай вайсковай аперацыі».


Забойцаў знайшлі, бо суседзі бачылі, як яны ад’язджалі ад дому на кросавым матацыкле. Гэты матацыкл трапіў на камеры відэаназірання, таму аднаго з падсудных затрымалі ўжо праз дзень, днём пазней затрымалі і другога.


Родныя Раў расказвалі выданню «Сибирь. Реалии», што ён служыў у гвардзейскай брыгадзе марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту, але завербаваўся ў групу Вагнэра, што яго адгаворвалі ісці на вайну, спрабавалі «дастаць» адтуль, але ім у ваенкамаце сказалі, што ён ужо дарослы і сам вырашае. На вайне загінуў таксама дзядзька бацькі асуджанага – яго завербавалі ў групу Вагнэра з калоніі, дзе ён адбываў пакаранне за забойства.


Знаёмая сям’і Сопава паведаміла, што той браў удзел у вайне супраць Украіны яшчэ ў 2016 годзе, а ягоны бацька дагэтуль ваюе.


За два з паловаю месяца да забойства губернатар Камчацкага краю сустракаўся з вайскоўцамі, у тым ліку з Сопавым і Раў, узнагароджваў іх, перадаваў ім зброю і абсталяванне. Сярод іншага перадаў мяккую цацку – Чабурашку ад «жаночага савету вайсковай часткі». Пісаў, што цацка «будзе талісманам». З тым Чабурашкам, імаверна, фатаграфаваўся Сопаў, фота з цацкаю публікаваў у сацсетках.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10