Місія разлічаная на бюджэт у амаль 409 млн еўра да 15 лістапада 2026 года і скіраваная на ўзмацненне Збройных сілаў Украіны.
Рада Еўропы 8 лістапада прыняла рашэнне аб працягненні на два гады мандату Місіі Еўразвязу ў вайсковай падтрымцы Украіны (EUMAM Ukraine). Місію называюць ключавым інструментам ваеннай падтрымкі Украіны з боку Еўразвязу, асноўнай мэтай місіі – павышэнне ваеннага патэнцыялу Збройных сілаў Украіны. Місія мае кааперавацца з NATO, у тым ліку з праграмай падтрымкі і трэнавання для Украіны (NSATU).
Місію заснавалі 17 кастрычніка 2022 года. З таго часу праз місію падрыхтавалі 63 тысячы ваяроў ЗСУ – эквівалент 10 брыгадаў. У бліжэйшыя месяцы збіраюцца падрыхтаваць яшчэ 15 тысяч. Будучыя навучальныя мэты абяцаюць карэктаваць пад баявыя патрэбы.
У межах місіі забяспечваюць індывідуальныя, групавыя і спецыялізаваныя трэнаванні, каардынацыю і сінхранізацыю дзяржаваў Еўразвязу, навучанне суправаджаюць прадстаўленнем ЗСУ абсталявання. Фінансуюць гэта праз інструмент Рады Еўразвязу «European Peace Facility».

Тым часам «Bloomberg» піша, што лідары Еўразвязу абмяркоўваюць шляхі падтрымкі Украіны без удзелу Злучаных Штатаў у выпадку, калі выбраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп вырашыць такую падтрымку спыніць. Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан лічыць, што без падтрымкі ЗША Еўропа не зможа сам фінансаваць падтрымку Украіны. Але, як сцвярджае «Bloomberg», некаторыя еўрапейскія лідары бачаць асноўную праблему не ў грошах, а ў вайсковых рэсурсах, якіх найбольш у ЗША.
Планы Трампа невядомыя: ён толькі заяўляў, што хоча спыніць вайну ва Украіне і што можа зрабіць гэта «за 24 гадзіны», а таксама дапускаў, што неўзабаве паразмаўляе з Уладзімірам Пуціным. Прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен 7 лістапада тэлефанавала Трампу, па выніках размовы напісала толькі, што Украіна была сярод тэмаў абмеркаванняў і што спадзяецца на ўзмацненне сувязяў ЗША і Еўразвязу, супольную працу над геапалітычнымі выклікамі.
Алесь Наваборскі belsat.eu