У Эстоніі збіраюцца пазбавіць права голасу прадстаўнікоў краінаў, якія не ўваходзяць у Еўразвяз і NATO. У тым ліку і беларусаў. Ім нельга будзе галасаваць падчас выбараў у органы мясцовага самакіравання.
7 лістапада ў парламент Эстоніі быў унесены законапраект, ініцыяваны кіроўнай кааліцыяй, аб змяненні Канстытуцыі Эстонскай Рэспублікі.
Паводле гэтага законапраекту, права галасаваць на мясцовых выбарах прапаноўваюць абмежаваць для грамадзянаў Расеі, Беларусі і ўсіх краінаў, якія не ўваходзяць у Еўразвяз і NATO. Пад гэтае ж абмежаванне трапяць і грамадзяне Украіны.
У адпаведнасці з праектам закону, пункт 2 артыкулу 156 Канстытуцыі будзе зменены і будзе выглядаць наступным чынам: «Грамадзяне Эстоніі, асобы без грамадзянства, грамадзяне Еўразвязу і краінаў NATO, якія дасягнулі 16 гадоў, маюць права галасаваць на выбарах у рады мясцовага самакіравання на ўмовах, вызначаных законам». Калі закон прымуць, то колькасць выбарнікаў, якія маюць права галасаваць на мясцовых выбарах, паменшыцца прыкладна на 72 тысячы чалавек.
У тлумачэнні да законапраекту адзначана, што такім чынам права галасавання будзе дадзенае толькі жыхарам краінаў, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці з Эстоніяй і маюць агульныя інтарэсы ў пытаннях бяспекі.
Згодна з дзейным заканадаўствам, права голасу на мясцовых выбарах у Эстоніі маюць усе грамадзяне ЕЗ і людзі з пастаянным дазволам на жыхарства, якія дасягнулі 16 гадоў.
Раман Шавель belsat.eu