На мяжы з Польшчаю ўезду ў ЕЗ а 14:00 8 лістапада чакаюць больш за 850 аўтамабіляў. У Берасці чакаюць таксама 30 аўтобусаў, паведамляе Дзяржпамежкамітэт. «Белсат» даведаўся, якая сітуацыя на мяжы падчас вялікіх выходных у Беларусі.
Берасце: чаканне соднямі і правяранні сілавікоў
Ехаць у Польшчу на аўтамабілі ўсё яшчэ сапраўднае выпрабаванне. У тэматычных чатах распавядаюць: людзі, якія зарэгістраваліся ў зоне чакання 5 лістапада, прайшлі мяжу толькі 8 лістапада. Адзін з кіроўцаў піша, што з моманту рэгістрацыі ў зоне чакання і да ўезду на «Варшаўскі мост» прайшло два дні і 17 гадзінаў. У чарзе гэты чалавек быў 1302-м. 5 лістапада вандроўцы скардзіліся на вельмі павольную працу польскага боку.
Некаторыя карыстальнікі чату абмяркоўваюць, што было б нядрэнна сабраць подпісы і звярнуцца ў Савет Міністраў з просьбаю перарабіць закон так, каб зарэгістравацца ў зоне чакання можна было дыстанцыйна, а не толькі ў Берасці.
Аўтобусы таксама прасоўваюцца даволі павольна, хоць з 5 лістапада чарга зменшылася прынамсі на дзясятак. Аднак а 14:00 уезду ў Польшчу ўсё яшчэ чакаюць 30 аўтобусаў.
Раніцай людзі ў чатах пісалі, што шэсць гадзінаў аўтобусная чарга проста прастаяла без руху, толькі потым трохі рушыла. Іншыя распавядаюць, што прастаялі ў чарзе 12 гадзінаў, прасунуўшыся да беларускага пункту пропуску, але яго яшчэ не прайшлі.
На ўезд у Беларусь чэргаў няма, а калі яны з'яўляюцца, то невялікія і ненадоўга. Усё праходзіла б яшчэ хутчэй, калі б не «гутаркі» з сілавікамі. Паведамленняў пра гэта за апошнія содні даволі шмат.
,,«Каля трох гадзінаў чакалі людзей з гутарак. Шэсць ці сем аўтобусаў сабралі разам», – піша адзін з карыстальнікаў чату.
Пасажыры аўтобусаў чакаюць дзве-тры гадзіны, пакуль сілавікі правераць тых, хто ўязджае ў Беларусь. Паведамляецца таксама, што да грамадзянаў Украіны асаблівая ўвага. Звычайна правяранне складаецца з пытанняў, навошта чалавек ездзіў у Еўропу і што там рабіў, ды прагляду тэлефона.
Літва: правяранне рэчаў мякчэйшае, але павольны пропуск аўтаў
Нягледзячы на абмежаванні ўезду, ля мяжы з Літвой таксама сабраліся невялікія аўтамабільныя чэргі. Ля «Каменнага Логу» чакаюць 40 аўтаў, а ля «Беняконяў» – 20.
Адзін з кіроўцаў распавядае, што з моманту рэгістрацыі ў зоне чакання да запрашэння на мяжу правёў на «Каменным Логу» больш за 12 гадзінаў.
Аўтобусных чэргаў на мяжы з Літвой няма, аднак там і дапушчальная плынь меншая, чым на мяжы з Польшчаю.
Адзін з пасажыраў адзначае, што мяжа з дарогай ад Менску заняла блізу сем гадзінаў. Што тычыцца надгляду рэчаў, то ён у апошнія содні праходзіў даволі лёгка:
,,«На пашпартным [кантролі. – Заўв. belsat.eu] літоўскія памежнікі ўсіх старанна апытвалі куды, навошта, прасілі паказаць броні і гэтак далей. Па правяранні багажу быў сканер, ні да каго не чапляліся», – распавядае пасажыр аўтобуса.
«Ехалі ўчора. Не глядзелі наогул нічога, толькі сканер», – дадае іншы.
На ўезд у Латвію няма ні аўтобусных, ні аўтамабільных чэргаў. Але ў Латвію на аўце могуць ездзіць толькі дыпламаты і консулы.
Арсен Рудэнка belsat.eu