Раніцай 8 лістапада ў каналах расейскіх Z-ваенкараў пачалі з’яўляцца паведамленні пра тое, што Расея больш не будзе наносіць масаваных ракетных удараў па тэрыторыі Украіны.
Асноўная тэза, якая праходзіць у гэтых паведамленнях, заключаецца ў тым, што расейскія войскі пакуль што не будуць наносіць ракетных удараў па Украіне. Адзінае выключэнне, калі раптам трэба будзе даць адказ на дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў.
Акрамя таго, пішуць у тэлеграм-каналах, ракетны ўдар магчымы ў выпадку, калі ўкраінцы адмовяцца сядаць за стол перамоваў.
«Стратэгічнай авіяцыі сказалі выдыхнуць», – піша адзін з ваенкараў.
«На фронце будзе нешта цікавае толькі ў ваколіцах Запарожжа. З аднаго боку, будуць спрабаваць прарвацца на Арэхаў, з другога – будуць наступаць з боку Пакроўску. І на гэтым усё. Гэта адзіная аперацыя больш-менш стратэгічнага ўзроўню, якая распрацоўваецца групоўкай "Днепр"», – адзначаецца ў допісах.
У астатнім, як кажуць ваенкары, Пуцін ужо «проста чакае прапановы, ад якой нельга адмовіцца». Пры гэтым шмат хто з ваенкараў называе такое рашэнне ганебным.
Разам з тым сёння ўначы расейскія войскі масава атакавалі тэрыторыю Украіны, выпусціўшы па ёй 92 ударныя беспілотнікі і пяць ракетаў.
Адзін з удараў прыйшоўся на Харкаў і трапіў у шматпавярховы жылы будынак. У выніку пацярпелі больш за 20 чалавек, пад заваламі застаюцца людзі, у тым ліку немаўля.
У выніку прылётаў ракетаў па Адэскай вобласці загінуў адзін чалавек і дзевяць пацярпелі. Таксама паведамляецца аб прылётах у Кіеве.
Пасля атакі на Запарожжа, якую расейскія войскі правялі 7 лістапада, вядома пра восем загінулых і 40 параненых. Сёння, 8 лістапада, у горадзе абвешчаная жалоба.
У той жа час перамога на выбарах у ЗША Доналда Трампа вельмі натхніла расейскія ўлады і ў прыватнасці Уладзіміра Пуціна. Прычына ў тым, што Трамп неаднойчы заяўляў: ён гатовы спыніць вайну, нават цягам 24 гадзінаў. Пуцін, у сваю чаргу, спадзяецца, што гэта можна будзе зрабіць на ягоных умовах. З боку Пуціна і Трампа ўжо прагучалі заявы пра гатовасць правесці тэлефонныя перамовы.
Раман Шавель belsat.eu