навіны

Паляпшэння сітуацыі няма. АПК пракаментаваў вызваленне 31 палітвязня

Вольга Зазулінская
Вольга Зазулінская. Фота: t.me/CabinetBelarus
podpis źródła zdjęcia

Улады Беларусі толькі імкнуцца стварыць уражанне паляпшэння сітуацыі з палітвязнямі, вызваліўшы 31 чалавека. Пры гэтым за апошні тыдзень затрымалі не менш за 100 асобаў, расказала прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская.

Аляксандр Лукашэнка пастанавіў памілаваць 31 чалавека, асуджанага нібыта за злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці. На гэта адрэагавала Вольга Зазулінская:

«Перш за ўсё мы шчыра радуемся за тых, хто выходзіць на волю, і за іх сем’і. Няма нічога больш каштоўнага, чым чалавечае жыццё і магчымасць быць побач з блізкімі. Сярод памілаваных – людзі з інваліднасцю, людзі, у якіх ёсць непаўналетнія дзеці, жанчыны і тыя, хто мае хранічныя захворванні. Гэтая навіна – праменьчык надзеі для тых, хто гадамі чакаў уз’яднання з роднымі».

Аднак рэпрэсіі не спыняюцца, а наадварот, нарастаюць, нагадвае яна. Паводле інфармацыі Аб’яднанага пераходнага кабінету, толькі за апошні тыдзень затрымалі не менш за 100 чалавек.

,,

«Рэжым імкнецца стварыць уражанне нейкіх змен, але рэчаіснасць гаворыць аб адваротным, – падкрэслівае Зазулінская. – Людзі, якія маюць дзяцей, хранічныя захворванні, зноў апынуліся пад пагрозай катаванняў і бесчалавечнага абыходжання.


Наша пазіцыя застаецца нязменнай: вызваленыя павінны быць усе, хто асуджаны па палітычна матываваных прысудах ці патрапіў пад пераслед. Гэта не павінна быць сімвалічным крокам, а канкрэтным рашэннем у бок справядлівасці і павагі да правоў чалавека».

Зазулінская адзначае: у Кабінеце бачаць, што пэўныя працэсы ідуць.

«І добра, што некаторыя людзі атрымліваюць магчымасць вярнуцца дадому. Але мы заклікаем не маніпуляваць гэтым у публічнай прасторы, не выдаваць адзінкавыя выпадкі за агульнае паляпшэнне сітуацыі.

Нагадаем, што пакуль не спыненыя рэпрэсіі і катаванні, пакуль людзі працягваюць трапляць за краты за свае перакананні, мы не можам казаць пра сапраўдную гуманнасць і справядлівасць», – падводзіць рысу прадстаўніца Кабінету.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10