навіны

У Канадзе прагназуюць зніжэнне цэнаў на калій. Лукашэнка прыдумаў антызахады

калій
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: @belaruskali / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Канадская кампанія «Nutrien», адзін з найбуйнейшых вытворцаў калійных угнаенняў у свеце, прагназуе павелічэнне сусветнага экспарту калію і зніжэнне цэнаў. Лукашэнка прапануе змагацца з гэтым разам з Расеяй.

У справаздачы за трэці квартал «Nutrien» піша пра павелічэнне паставак у 2024–2025 гадах, заўважыў reform.news. Разам з тым кампанія чакае зніжэння коштаў на калійныя ўгнаенні.

«Мы павысілі наш прагноз сусветных паставак калію ў 2024 годзе да 70–72 млн т [69–72 млн т чакалі па выніках другога кварталу], што абумоўлена ў першую чаргу больш высокім чаканым попытам у Бразіліі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Мы мяркуем, што рост сусветных паставак у 2024 годзе быў абумоўлены базавым ростам спажывання на ключавых рынках», – гаворыцца ў справаздачы.

У 2025 годзе прагназуюцца сусветныя пастаўкі калію памерам ад 71 да 74 млн т.

У справаздачы гаворыцца, што пастаўкі «Nutrien» за 9 месяцаў выраслі на 12,3 % да 11,13 млн т. Сярэдняя цана тоны калію па выніках 9 месяцаў знізілася на 26,9 %, або на $ 81 – да $ 220.

Пагрузка біг-бэгаў з угнаеннямі «Уралкалію» ў порце гораду Салікамск, Расея. Фота: uralkali.com

Старая вайна ці збор даніны з бізнесу? Чаму ў Беларусі арыштавалі сяброў калійнага магната Мазепіна

навіны

Аб'ёмы продажаў у натуральным выражэнні сталіся рэкорднымі на фоне зніжэння коштаў і запасаў у трэйдараў.

Такія тэндэнцыі на калійным рынку не падабаюцца Аляксандру Лукашэнку, і ён ужо даручыў новаму дырэктару «Беларуськалію» Андрэю Рыбакову заняцца зніжэннем здабычы калію, у тым ліку разам з Расеяй. Ён адзначыў, што калійныя ўгнаенні цяпер прадаюцца «за бесцань, амаль па сабекошце, а то і ніжэй часам».

«Я такіх коштаў наагул не памятаю ў гісторыі: вельмі нізкія цэны на калійныя ўгнаенні, хоць праца шахцёраў няпростая. Можа быць, нам з расяянамі перагаварыць, параіцца і адсоткаў на 10, можа, 11, знізіць здабычу калійных угнаенняў. Не тое што дэфіцыт на рынку з'явіцца, а ўсе зразумеюць, што гэта дарагая прадукцыя і за яе трэба плаціць адпаведныя сродкі», – сказаў Лукашэнка.

Відаць, Лукашэнка разлічвае, што ягоны план можа спрацаваць, улічваючы, што ў 2023 годзе Беларусь экспартавала практычна дасанкцыйны аб'ём калійных угнаенняў, гэта значыць 9,45 млн т. А Беларусь з Расеяй займаюць каля 30 % сусветнага калійнага рынку. Аднак дамовіцца «Беларуськалію» з «Уралхімам» звычайна складана. Расейскія калегі нават абвінавачвалі беларусаў у дэмпінгу.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10