Аляксандр Лукашэнка пастанавіў памілаваць 31 чалавека, асуджанага «за злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці»: 2 жанчыны і 29 мужчынаў.
Сярод памілаваных 17 чалавек маюць хранічныя захворванні, яшчэ 3 чалавекі з інваліднасцю. Таксама сярод памілаваных у 27 ёсць дзеці, прычым 7 асобаў шматдзетныя.
«Асуджаныя вызваленыя ад асноўнага пакарання без зняцця судзімасці. Міністэрства ўнутраных справаў забяспечыць кантроль за іхнымі законапаслухмянымі паводзінамі», – піша прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
Да гэтага з ліпеня 2024 года ў Беларусі былі чатыры хвалі памілавання палітычных вязняў. У выніку на волю выйшлі 115 асобаў. Некаторым з іх заставалася зусім няшмат да заканчэння тэрміну.
Тым часам праваабаронцы фіксуюць працяг рэпрэсіяў у Беларусі, у выніку якіх за гэты ж перыяд былі асуджаныя значна больш асобаў, чымся выйшла на волю па памілаванні.
Толькі 7 лістапада праваабаронцы паведамілі пра затрыманне не менш за 40 чалавек у Смаргоні і Слоніме. На некаторых завялі крымінальныя справы, іншых пакаралі адміністратыўнымі артыкуламі.
Арсен Рудэнка belsat.eu