навіны

Польшча адказала на абвінавачванні беларускіх памежнікаў у забойстве мігрантаў

Польска-беларуская мяжа
Польска-беларуская мяжа. Фота: Памежная ахова Польшчы / Х
podpis źródła zdjęcia

Беларускі памежны камітэт абвінавачвае краіны Еўразвязу ў жорсткім абыходжанні з мігрантамі, нанясенні цялесных пашкоджанняў, забойстве. Мы папрасілі Міністэрства абароны і Памежную ахову Польшчы пракаментаваць заявы ўладаў Беларусі. Апавядаем, што нам адказалі.

Пацярпелі больш за 320 уцекачоў?


Беларускі памежны камітэт надоечы паведаміў, што 4 лістапада латышскія сілавікі знайшлі і «жорстка збілі» двух мігрантаў. Ад атрыманых траўмаў адзін з мужчынаў нібыта «спачатку страціў прытомнасць, а потым памёр».


Лукашэнка ў забойстве мігрантаў вінаваціць таксама Польшчу.


«Чаму ўсе маўчаць, калі збіваюць бедных гэтых людзей, забіваюць і праз мяжу, праз гэты плот нам падкідваюць», абураўся кіраўнік Беларусі.


Агулам, паводле беларусіх памежнікаў, ад злачынных дзеянняў службовых асобаў Польшчы і краінаў Балтыі нібыта пацярпелі больш за 320 уцекачоў.


,,

«У гэты момант пацярпелі паводле крымінальных справаў замежныя грамадзяне розных дзяржаваў. На 30 кастрычніка 2024 года паводле крымінальнай справы ў дачыненні службовых асобаў Польшчы пацярпелымі прызнаныя 214 чалавек, з іх 16 загінулі, Латвіі – 71 чалавек (22 загінулых), Літвы – 36 чалавек (12 загінулых). У тым ліку расследуюцца абставіны нанясення цялесных пашкоджанняў, смерці, наўмыснага ненадання дапамогі з боку службовых асобаў, сілавых структураў Рэспублікі Польшча ў дачыненні пацярпелых у выніку прымянення фізічнай сілы, адмысловых сродкаў, у тым ліку – слезацечных рэчываў і інсектыцыдаў», – паведамляў Памежны камітэт Беларусі.


 «Праваднік крызісу з мігрантамі – рэжым Лукашэнкі»


«Белсат» звярнуўся па каментар наконт абвінавачвання ўладаў Беларусі у Міністэрства абароны Польшчы. Вось што нам адказалі:

,,

«Гэта чарговы прыклад хлусні, скіраванай наўпрост супраць Польшчы. Яе мэта стварэнне фальшывага вобразу дзейнасці польскіх службаў, якія ахоўваюць бяспеку Польшчы і яе ўсходнюю мяжу. Вайскоўцы, вылучаныя для дапамогі Памежнай ахове ў пільнаванні дзяржаўнай мяжы, дзеюць згодна з дзейнымі нормамі нацыянальнага і міжнароднага права».


У галоўнай управе Памежнай аховы нам адказалі, што не будуць каментаваць матэрыялаў, апублікаваных лукашэнкаўскімі службамі, бо трактуюць іх «як чарговыя элементы правакацыі і дэзынфармацыі».


Таксама мы атрымалі адказ з Нацыянальнай пракуратуры:


«У нас няма нават найменшых падставаў прызнаць гэтыя сцвярджэнні праўдзівымі ні ў якім плане. Можам толькі сказаць, што ў Пракуратуры няма такой інфармацыі, і таму мы не робім ніякіх дзеянняў».


У каментары «Белсату» прадстаўнік праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby» Вячаслаў Касінераў зазначыў, што гвалт у дачыненні мігрантаў прысутнічае з абодвух бакоў, але галоўнае пытанне ў тым, хто яго распачаў.


«Відавочна, што праваднік усяго гэтага крызісу з мігрантамі – гэта рэжым Лукашэнкі», – кажа праваабаронца.


«Шукаць аб’ектыўныя звесткі ў прапагандзе бессэнсоўна»


Палітолаг Павел Усаў мяркуе, што гучныя заявы і абвінавачванні на адрас заходніх памежнікаў, што пачасціліся з боку ўладаў Беларусі напярэдадні выбараў, – гэта імкненне паказаць, «якая насамрэч на Захадзе кепская дэмакратыя».


«Яны [абвінавачванні.  Заўвага рэд.] скіраваныя найперш на грамадства ў краіне і часткова – на гуманітарныя арганізацыі ў Еўропе», – кажа эксперт.


Паводле беларускага Памежнага камітэту, з 2021 года 27 мігрантаў сталіся ахвярамі «польскай міграцыйнай палітыкі». Аднак гэткія лічбы не супадаюць з інфармацыяй Следчага камітэту. Нібыта польскі дэзерцір Эміль Чэчка засведчыў беларускаму боку пра расправы над 241 уцекачом у чэрвені 2021-га.


Павел Усаў кажа, шукаць якія-небудзь аб’ектыўныя звесткі ў тым, што кажа лукашэнкаўская прапаганда, бессэнсоўна.

,,

«Ён мог бы сказаць, што польскі бок забіў тысячы чалавек – і там недзе закапаў у лесе», – кажа палітолаг.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: SOPA Images Limited / Alamy Stock Photo

Дзяржаўны памежны камітэт зноў абвінаваціў латышскіх памежнікаў у смерці мігранта

навіны

Крызіс на заходніх межах трывае з вясны 2021 года. Менавіта тады, у адказ на санкцыі Еўразвязу, улады Беларусі пачалі выкарыстоўваць мігрантаў для атакі межаў заходніх суседзяў. Пра тое, што менавіта беларускі бок мае дачыненне да арганізацыі плыні мігрантаў, а таксама ўжывае да ўцекачоў гвалт, нашаму тэлеканалу ўдалося даведацца ад беспасярэдніх сведкаў. Увосень 2021-га вядоўца праграмы «Тыдзень» Сяргей Падсасонны некалькі дзён правёў у Іране, дзе сустрэўся з мігрантамі, якім пашчасціла вярнуцца з беларускага памежжа цэлымі.


«Адзін з сілавікоў прыйшоў да нас з Беларусі і ўзяў 1200 нашых долараў, адвёў нас на 20–30 кіламетраў назад. Яны білі нас, а калі скончылі, сказалі: выбачайце, але гэта нашая праца – біць вас і забіраць вашыя грошы. Выбачайце», – згадваў мігрант.


Такія атакі з дапамогаю людзей называюць «гібрыднымі», яны кідаюць выклік усёй каштоўнаснай сістэме Еўразвязу, зазначыў Вячаслаў Касінераў. Гэта мае сур’ёзныя сацыяльныя наступствы для краінаў, якія такім чынам атакуюцца.


Польшча ў адказ на гэтыя дзеянні Лукашэнкі ўзмацняе мяжу, што абыдзецца ёй у больш як 2 мільярды 30 мільёнаў долараў. 15 кастрычніка Сейм прыняў новую міграцыйную стратэгію да 2030 года, якая прадугледжвае ў тым ліку часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак у Польшчы.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10