Усяго ў Беларусі налічваецца 27 тысячаў ветэранаў МУС. Як заявіў кіраўнік ведамства Іван Кубракоў, іх можна задзейнічаць на выбарах для аховы на выбарчых участках, а таксама ў якасці «сябраў» камісій і назіральнікаў.
Ветэраны Міністэрства ўнутраных справаў «не застануцца ў баку ад электаральнай кампаніі» і «будуць задзейнічаны па розных яе напрамках». Такую заяву 6 лістапада ў Менску зрабіў кіраўнік ведамства Іван Кубракоў падчас мерапрыемстваў, прысвечаных Дню ўшанавання ветэранаў органаў унутраных справаў і ўнутраных войскаў МУС.
Як цытуе яго словы прэс-служба Міністэрства, усяго ў Беларусі 27 тысяч ветэранаў МУС, і яны – «актыўныя людзі».
Былых супрацоўнікаў ведамства плануюць задзейнічаць у ахове грамадскага парадку на выбарчых участках, адзначыў Кубракоў, а «аксакалы» з іх ліку «стануць сябрамі камісій, назіральнікамі».
«Я ўпэўнены ў нашых ветэранах! Гэта залаты рэзерв міністра ўнутраных справаў. І, калі трэба, павядуць за сабой моладзь», – сказаў кіраўнік МУС.
Нагадаем, чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Аляксандр Лукашэнка будзе прымаць у іх удзел.
Усяго зарэгістравана 7 ініцыятыўных групаў, якія з 7 лістапада па 6 снежня будуць збіраць подпісы ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, Алега Гайдукевіча, Аляксандра Хіжняка, Вольгі Чамаданавай, Ганны Канапацкай, Сяргея Бобрыкава і Сяргея Сыранкова.
Адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў Аляксандра Драздова, Юрыя Губарэвіча, Дыяны Кавалёвай і Віктара Куляша.
Дэмакратычныя сілы Беларусі ў супольнай заяве, прымеркаванай да прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў, заклікаюць галасаваць супраць усіх. Адзначаецца, што галасаванне супраць усіх пакажа, што «беларускае грамадства па-ранейшаму супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і сумленных выбараў».
Надзея Вольная belsat.eu