Што можна сказаць пра рэпрэсіі ў нашай краіне? Іх можна параўнаць з морам, у якім перыядычна некаторыя хвалі ўздымаюцца вышэй, накатваюць на бераг, выкідваючы туды ўсё, што падхапілі плынню, а потым ізноў хвалі, але ніколі няма штылю. І ніхто не ведае, колькі гэта будзе трываць. Калі ў 2020-м народ спачатку знаходзіў сілы нават жартаваць наконт масавых арыштаў, хоць ужо і было вядома, як гэта – трапіць на содні, то праз пару месяцаў сілы скончыліся.
Ці можна казаць пра нейкія асаблівасці рэпрэсіяў у асобна ўзятай краіне, калі гэтая тэма не тое што не вывучалася, а нават не абмяркоўвалася шырока? Неабходна. І менавіта сёння. Бо той маленькі кавалачак у параграфе школьнага падручніка па гісторыі пра «перагібы ў палітыцы партыі» – гэта ні пра што. Вось цяпер новым пакаленням беларусаў даводзіцца запаўняць той прагал ведаў уласным балючым досведам.
Прыйшлі Дзяды, а з імі новая хваля зачыстак. Прычым адначасова ў самых розных кутках краіны – Наваградак, Слонім, Бярэсце, Ашмяны ... Гарады, мястэчкі, вёскі. На прыкладзе аднаго чалавека гэта азначае, што ўварваліся ў самую раннюю гадзіну, правялі ператрус, адвялі пад канвоем у машыну на вачах у суседзяў. Ці заўважыў нехта, што людзі перасталі задаваць пытанне: за што? А гэта і ёсць адлюстраванне таго, пра што ўмоўчалі школьныя падручнікі. Апісваючы тагачасную атмасферу, жонка Осіпа Мандэльштама Надзея пісала: «Мы ніколі не пыталіся, пачуўшы пра чарговы арышт, «завошта яго ўзялі?», але такіх як мы, было няшмат. Звар'яцелыя ад страху людзі задавалі адно аднаму гэтае пытанне для чыстага самасуцяшэння: людзей бяруць за нешта, значыць, мяне не возьмуць, таму што няма за што! Яны выдасканальваліся, прыдумляючы прычыны і апраўданні для кожнага арышту: “Яна ж сапраўды кантрабандыстка”, “Ён такое сабе дазваляў”, “Я сам чуў, як ён сказаў...” І яшчэ: “Варта было гэтага чакаць – у яго такі жудасны характар”, “Мне заўсёды здавалася, што з ім нешта не ў парадку”, “Гэта зусім чужы чалавек”. Вось чаму пытанне, за што яго ўзялі, сталася для нас забароненым. Час зразумець, што людзей бяруць нізавошта».
Колькі чалавек прайшлі праз жорны рэпрэсіяў толькі за апошнія чатыры гады? Аднак мы толкам да гэтага часу не ведаем, колькі было ахвяраў сталінскага тэрору! Ведаем, што лік ідзе на мільёны. А хіба сваякі тых забітых, пакалечаных, іхныя нявесты і жаніхі, якія страцілі магчымасці жыць са сваімі каханымі, не ахвяры? Пакуль у сучаснай Беларусі гаворыцца пра дзясяткі тысячаў рэпрэсаваных, і больш за паўтары тысячы палітвязняў проста цяпер за кратамі.
Чытаем зводку апошніх чатырох гадоў і бачым, што ліквідавалі 1838 грамадскіх аб'яднанняў, установаў, асацыяцый і фондаў. А там працавалі людзі. Таму і ліквідуюць. Толькі за апошні месяц знішчылі 35 арганізацыяў. Ужо ніхто не жартуе наконт таго, што аматараў пчолаў і птушак запісалі ў экстрэмісты. Але вось чарга дайшла да арганізацыі, што не мае ніякага дачынення да «падобных элементаў», – «Беларускай асацыяцыі садзейнічання ААН». Яна дзеяла 35 гадоў, і пра яе існаванне цяпер нагадаў нам графік разгляду судовых справаў. Мяркуючы з усяго, 12 лістапада ў справе яе ліквідацыі будзе пастаўленая кропка.
Нехта спрабуе звязваць несупынныя рэпрэсіі і гэтую апошнюю хвалю з выбарамі, што пройдуць аж праз тры месяцы. Прычым гэтыя ж аналітыкі пішуць, што ніякіх выбараў не будзе. Усё прадказальна. Фармальна збор подпісаў пачнецца 7 лістапада і скончыцца 6 снежня. З 22 да 31 снежня ўключна ЦВК мае магчымасць рэгістраваць кандыдатаў або адмаўляць ім у рэгістрацыі. Але каму гэта можа быць увогуле цікава, калі вынік вядомы ўжо сёння, у гэтую хвіліну?
У 1937 годзе наркам унутраных справаў СССР М. Яжоў апублікаваў загад № 00447, у адпаведнасці з якім пачыналася маштабная кампанія знішчэння «антысавецкіх элементаў». Так і напісаў: «Перад органамі дзяржаўнай бяспекі стаіць задача – самым бязлітасным чынам разграміць усю гэтую банду антысавецкіх элементаў, абараніць працоўны савецкі народ ад іх контррэвалюцыйных інтрыгаў і, нарэшце, раз і назаўжды скончыць з іх подлаю падрыўною працаю супраць асноваў савецкай дзяржавы». Менавіта гэтую «савецкую дзяржаву» і спрабуюць ужо гэтулькі часу адрадзіць крамлёўскія кіраўнікі. І пакуль у іх ёсць магчымасць дзейнічаць, на гэтым нашым моры штылю не будзе. Толькі хвалі.
І кожная такая хваля – гэта затрыманні, ператрусы, збіццё, звальненні… Больш за 1200 асобаў атрымалі турэмныя тэрміны толькі за «паклёп» і «знявагу» Лукашэнкі. Каго ўвогуле турбуе, што гэтыя артыкулы парушаюць права грамадзяніна на выказванне свайго меркавання?
Чаму апошні тыдзень асабліва ліхаманіць грамадства праз новыя арышты? Якая можа быць прычына? Пачалося ўсё яшчэ 30 кастрычніка. Былі б мы ў БССР, дык людзі, якія жылі ў тую эпоху, сказалі б хорам: «План. Канец месяца». А насамрэч? А насамрэч прычына ў канвееры, што не павінен спыняцца ні на хвіліну.
Каго 30 кастрычніка, а каго на Дзяды адвезлі ў каталажкі. З маленькіх мястэчак везлі ў абласныя цэнтры. Жыхар Наваградку Яўген К. сказаў мне: «Забралі нашую знаёмую. Яе адвезлі ў Гародню. Яна не брала ўдзелу ў дэманстрацыях. Праўда. Я дакладна гэта ведаю. Мы паехалі туды з сябрам. Там і іншыя былі з нашага мястэчка. Падысці туды нешта высветліць баяцца, бо ніякай гарантыі няма, што цябе самога не забяруць. Кагосьці выпусцілі праз трое содняў, але шмат каго не. Гавораць, што потым у панядзелак будуць судзіць і дадуць ужо на ўсю катушку. Навошта?».
Вось тут і ўзгадваюцца словы пісьменніцы Яўгеніі Гінзбург: «Самае страшнае – гэта не тое, што цябе раптам вось так нечакана забіраюць ад цёплага ўпарадкаванага жыцця, не Калыма і Магадан ды катаржныя працы. Чалавек спачатку адчайна спадзяецца на тое, што гэта непаразуменне, памылка следчых. Потым пакутліва чакае, калі вызавуць, папросяць прабачэння і адпусцяць дадому, да дзяцей і мужа. А потым ахвяра ўжо не спадзяецца, не шукае адказу на пытанне, каму гэта ўсё трэба, бо ідзе прымітыўнае змаганне за жыццё. Самае страшнае – бессэнсоўнасць таго, што адбываецца... Хто-небудзь ведае, для чаго гэта было?»
Паўтаруся, што шмат хто з беларускіх аналітыкаў звязвае новую, больш магутную хвалю рэпрэсіяў з выбарамі, што маюць адбыцца. Але мне найбліжэй параўнанне з морам. Можа і праўда канец месяца, канец квартала, канец года? Прэміі трэба атрымліваць, даваць справаздачу аб праведзенай працы, прадстаўляць паказнікі. Якія мусяць быць паказнікі? Відавочна ж, што, як і ў той час, мусяць быць паказаныя ўсе пласты насельніцтва. Вось і сядзяць святары, навукоўцы, выкладчыкі, студэнты, сантэхнікі, будаўнікі… Праз параўнання з морам узнікае пытанне: «Ці можа нешта здарыцца, калі мора будзе бесперапынна штарміць?» Законы фізікі павінны ж неяк працаваць.
Любоў Лунёва belsat.eu