Меркаваннi

Трэба/не трэба

img
Калектыў Тэатра юнага гледача падтрымаў пралукашэнкаўскі флэшмоб. Фота: Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача
podpis źródła zdjęcia

2 лістапада а 20:00 я паспрабаваў увайсці ў канцэртную залу Варшаўскага клуба Stodola, але месца мне знайшлося толькі ў самым куце, каля дзвярэй. Клуб умяшчальнасцю 2500–3000 чалавек (калі верыць афіцыйнаму сайту, хоць пішуць і пра 1600 месцаў) быў забіты пад завязку.

Гурт J:Морс даваў канцэрт у гонар уласнага 25-годдзя. І граў, трэба сказаць, цудоўна! Зала жыла, дыхала з музыкамі адным паветрам, у адным рытме. Эмоцыі – радасць і боль, злосць, гонар, каханне... – мітусіліся хвалямі, са сцэны ў залу і назад. Адбіваліся ад сцен, якія многае пабачылі, ламаліся адлюстраваннямі ў люстрах.

І «Ледоколами на юг…», і «Знакомься, это мое Солнце…», і, безумоўна, «Всё как в 86-м». І, сённяшнія, і «Святло», і «Зброя». Было, назапасілася ў музыкаў, і яны аддавалі энергію не скупячыся. Я слухаў. Я плыў у гэтым патоку. І думаў пра тое, наколькі ж дорага сёння жыць у ладзе з уласным сумленнем. Асабліва музыкам.

Калі праграміст, перамясціўшыся з Менску ва Вроцлаў, застаецца праграмістам, будаўнік – будаўніком, то людзям творчых прафесій адрыў ад іх звыклай аўдыторыі, сфарміраванай за гады актыўнасці, стварае значна больш рызыкаў. І пытанне «Як жыть?» у самым прамым, ўтылітарным сэнсе –«На што жыць?», вісіць над імі дамоклавым мячом кругласутачна. І з гэтым цяжка.

,,

Тым больш, што прама тут, побач, у нейкіх 300–500 км (усяго-та перамахнуць праз мяжу) ходзяць людзі, якія натужна ўсмяхаюцца, якія пагадзіліся паўдзельнічаць у эпічнай кампаніі «Надо!» («Трэба!»). Гэта ж зусім-зусім не балюча, і ўсяго ж адзін раз. Нічога асаблівага не патрабуецца.


І нават у некаторых, раней цалкам паважаных людзей (якія не прадаюць «хату бацькоў»), гэта «Надо!»ператварылася ў складнае нацыянальнаарыентаванае «Трэба, Аляксандр Грыгорыч!» Усяго ж адзін раз. Не балюча. Не сорамна. І можна было б далей жыць там, на Радзіме. І нават канцэртаваць. І, можа быць, на «Славянскі базар» зноў возьмуць хэдлайнерам. Было б лягчэй. У сваёй кватэры, у сваёй краіне.

Але ж так нельга! Гэта азначала б пагадзіцца з тым, што адбываецца ў краіне. Азначае прызнаць, што 1500 палітвязняў не існуе, і Машу Калеснікаву не забіваюць у беларускай турме, і няма ніякай вайны.

Асаблівасцю беларускага музычнага поля аказалася тое, што не знайшлося ніводнага рок-музыкі (а іх у нас нямала), які падтрымаў рэжым. Няма ў нас беларускіх аналагаў Шахрына, Кінчава або Сукачова, гатовых у першую чаргу самім сабе растлумачыць, што «так трэба».

,,

«Ды і з гэтымі, расейскімі, таксама ж усё не дзякуй Богу. Калі ў цэнтры яшчэ куды ні ішло, то калі ад'ехаць крыху далей ад сталіц, аказваецца, што гэты самы «глыбінны народ» зусім не дурань – там у сябе, на глыбіні. Гурту «Алиса» прыйшлося адмяніць тры канцэрты ў падтрымку альбому «Гойда» – у Пермі, Новасібірску і Екацярынбургу, у залах умяшчальнасцю да 5000 чалавек і коштам квіткоў ад 25 да 100 долараў. Не куплялі».


Пры гэтым тыя, хто з'ехаў і не маўчыць, – Макарэвіч, Земфіра, Грабеншчыкоў і Манетачка з Noize МС ды Аксіміронам цалкам жывуць, ездзяць па канцэртных турах, хай і не такой памернасці як раней, але не сядзяць без справы – афіша бліжэйшых краін запоўненая дарэшты.

Гэта значыць так можна? Закладваць ўласную душу дзеля магчымасці застацца ў прафесіі зусім не абавязкова?

Я разумею, наколькі цяжэй беларускім музыкам у параўнанні з расейскімі «монстрамі року», бо памеры аўдыторый адрозніваюцца значна. А яшчэ ёсць пісьменнікі, акцёры, рэжысёры. Ім у любым грамадстве, у любой дзяржаве без падтрымкі цяжка. Тэатр устойліва купляем хіба што на Брадвеі. І гэта нават не вельмі залежыць ад палітычнага ладу.

Але стоячы ў той зале і слухаючы Уладзіміра Пугача з паплечнікамі, удыхаючы гэты пах асабістай, унутранай свабоды, душа мая радавалася.

І адказ на пытанне «Надо?» – «Нет, не надо!» («Трэба?» – «Не, не трэба!»). Прадаваць душу, пагаджацца з брыдотай дзеля якіх бы там ні было мэтаў зусім не трэба.

/ ІР

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10