Знаёмы сям’і Шлетгаўэра распавёў, якую прычыну медыкі ўказалі ў пасведчанні аб смерці.
Чалавек, які знаёмы з сям’ёй Шлетгаўэр, расказаў выданню «Зеркало», што ў пасведчанні аб смерці палітвязня ўказана прычынай «механічная асфіксія». Такое ўдушэнне можа здарыцца як праз самагубства, так і праз забойства ці няшчасны выпадак.
«Кіраўніцтва калоніі не паведаміла родным Дзмітрыя, што менавіта з ім адбылося», — сцвярджае ён.
Згодна са словамі крыніцы, родныя палітвязня падтрымлівалі з ім зносіны. Жонка Дзмітрыя наведвала яго ў СІЗА да і пасля суду, а падчас знаходжання ў СІЗА ў палітвязня нарадзіўся сын, якога той вельмі хацеў пабачыць.
– Сям'я лічыць, што Дзмітрый не планаваў скончыць з сабой. Па словах родных, ён быў вельмі засмучаны з-за таго, што з ім адбылося, але не настолькі, каб быць гатовым да самагубства. Яшчэ ў СІЗА ён пачаў старанна рыхтавацца да пераводу ў калонію – збіраў цыгарэты, цукар, чай і каву, разлічваючы, што гэта будзе карысна ў лагеры, – расказвае знаёмы Шлетгаўэраў.
Суразмоўца таксама дадаў, што Дзмітрый збіраўся пісаць прашэнне аб памілаванні і спадзяваўся як мага хутчэй выйсці на волю, а ў следчым ізалятары да яго ставіліся добра.
З СІЗА ў магілёўскую ІК-15 мужчыну перавялі ў пачатку кастрычніка 2024 года. Знаёмы сям'і сцвярджае, што Дзмітрыя адразу па невядомай прычыне адправілі ў штрафны ізалятар.
12 кастрычніка сям'я Шлетгаўэра атрымала пасведчанне аб смерці, у якім указана дата – 11 кастрычніка 2024 года.
Нагадаем, грамадзянін Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Шлетгаўэр памёр у калоніі № 15 у Магілёве. Ëн прабыў там менш за месяц. Улетку яго прысудзілі да 12 гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму нібыта за шпіянаж (арт. 358 КК РБ) і спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК РБ).
Гэта ўжо прынамсі чацвёртая смерць беларускага палітвязня сёлета. Гэтак, 9 красавіка 2024 года ў СІЗА ў Берасці за тыдзень да суда памёр Аляксандр Кулініч, абвінавачаны ў знявазе Лукашэнкі. У лютым праз праблемы з сэрцам пайшоў на той свет асуджаны нібыта за паклёп на Лукашэнку актывіст Ігар Леднік, які адбываў пакаранне ў Бабруйскай калоніі. А ў ноч на 9 студзеня ў калоніі № 3 у Віцебску ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько, асуджаны за данаты.
Тэса Анэйда belsat.eu