навіны

Новыя палітвязні і першы прысуд за адмаўленне генацыду

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» працягвае штодзённую хроніку рэпрэсіяў, якія асабліва ўзмацніліся напярэдадні так званых выбараў, прызначаных на 26 студзеня 2025 года. 

Праваабаронцам стала вядома пра суд над трыма беларусамі, які адбыўся 4 лістапада ў Оршы. Сярод іх Наталля Сізінцава, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 2, якую абвінавацілі паводле ч. 2 ст. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Яшчэ 35 беларускіх грамадскіх арганізацыяў было ліквідавана ўладамі цягам месяца. Згодна з дадзенымі Lawtrend, агулам пачынаючы з 2020 году найменей 1838 беларускіх грамадскіх аб'яднанняў, установаў, асацыяцый ці фондаў ліквідаваныя ці знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі.

Стала вядома, што суд Ленінскага раёну Горадні прызнаў «экстрэмісцкай» старонку «Грустный Коленька» ў «Вконтакте». Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх» былі ўключаныя YouTube-канал «Проект MotolkoHelp:Беларускі Гаюн», TikTok-акаўнт «grec_company_group», а таксама Instagram-старонкі «borduhaev», «bypolofficial», «ciesna_brama», «mayaksiar».

5 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Берасця пачаўся суд над Міхаілам Ляшкевічам, Ільёй Мельнічуком, Дзмітрыем Максімуком, якіх абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Так, вядома, што Дзмітрыя Максімука затрымалі ў снежні 2024 году. Сілавікі знялі з ім «пакаяльнае» відэа, у якім ён казаў, што быў на акцыі пратэсту на праспекце Машэрава ў Берасці, а таксама, што прайшоў рэгістрацыю ў чаце-боце «Перамога» і адпраўляў інфармацыю ў чат-бот праекта «Голас».

Сёння стала вядома пра арышт шоўмэна Івана Вабішчэвіча, які выступаў пад псеўданімам Дзядзя Ваня. Гэта адбылося яшчэ ў верасні 2024 года. Звестак аб ягоным месцазнаходжанні і артыкулах, якія яму інкрымінаваныя, няма.

Улады збіраюцца ліквідаваць Беларускую асацыяцыю садзейнічання ААН. На 12 лістапада ў Менскім гарадскім судзе адбудзецца спецыяльнае пасяджэнне з гэтай нагоды. Позву падало Міністэрства юстыцыі. Арганізацыя была зарэгістраваная ў кастрычніку 1989 году.

30 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе адбыўся суд над 55-гадовым Андрэем Савіцкім, якога асудзілі да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за «адмаўленне генацыду беларускага народа» (ч. 1 арт. 130-2 КК) і абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Падставай для вынясення прысуду сталі пасты ў «Аднакласніках», якія публікаваў мужчына.

Стаў вядомы яшчэ адзін горад, дзе сілавікі праводзілі рэйды так званых «гэлаўінскіх» затрыманняў на мінулым тыдні – гэта Бабруйск. У людзей праводзілі ператрусы ў кватэрах, некаторых пасля адпускалі, некаторыя дагэтуль знаходзяцца ў зняволенні. Вядома, што сярод затрыманых ёсць і тыя асобы, якіх раней не затрымлівалі паводле адміністрацыйных справаў.

У Беларусі з’явілася 14 новых палітвязняў. У спіс дадаліся Анатоль Чурыкаў, Ілья Лукашэнка, Пётр Кавалёў, Валерый Мароз, Сяргей Пятручык, Андрэй Карчага, Дзмітрый Буланаў, Яўген Бычко, Аляксандр Клімашэвіч, Сяргей Нічыпарук, Аляксандр Мартысевіч, Анастасія Фосцій, Дзмітрый Шчэрба, Аляксандр Шукайла. Такім чынам, на сённяшні дзень у краіне налічваецца 1312 палітычных зняволеных. Агулам жа праваабаронцам вядома пра больш за 7000 фігурантаў крымінальных палітычных справаў з 2020 году. І гэта далёка не ўсе людзі, супраць якіх чыніўся палітычны пераслед у апошнія гады.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10