навіны

У НАУ з'явіліся новыя дадзеныя аб перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей

Дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у лагер у Беларусі. (Фота: БелТА)
Дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у лагер у Беларусі. (Фота: БелТА)
podpis źródła zdjęcia

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) сабрала і задакументавала чарговыя дадзеныя аб перамяшчэнні ў Беларусь дзяцей з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыяў.

Як паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК), гаворка ідзе пра «восем прыездаў» у Беларусь арганізаваных груп дзяцей з ЛНР і ДНР у перыяд з красавіка 2023 года па верасень 2024 года.


Сцвярджаецца, што каманда кіраўніка НАУ Паўла Латушкі «задакументавала абставіны, даты і месцы знаходжання ўкраінскіх дзяцей у Беларусі, прычыны іх перамяшчэння, праграму іх заняткаў». Таксама сабраныя «крыніцы інфармацыі, выкарыстаныя для пацвярджэння дадзеных (фотаздымкі, відэазапісы, дакументы)».


«Праводзіцца праца па ідэнтыфікацыі і зборы інфармацыі аб супрацоўніках так званага дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая, якія ўдзельнічаюць у ваенным злачынстве – незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Беларусь», – гаворыцца ў рэлізе.


Каб дабіцца прыцягнення да адказнасці ўсіх уцягнутых асобаў, заяўляе НАУ, «увага надаецца выяўленню ланцужкоў фінансавання і арганізацыі перамяшчэння дзяцей». Сабраныя звесткі будуць перададзеныя ў «нацыянальныя і міжнародныя органы правасуддзя».


«Мы будзем працягваць працу па прыцягненні Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да міжнароднай крымінальнай адказнасці па некалькіх напрамках. Незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей, а гэта ваеннае злачынства, з’яўляецца адным з іх», – падкрэсліў Латушка.


Палітык дадаў, што яго каманда будзе працягваць «збіраць дадатковыя доказы да раней ужо перададзеных у 2023 годзе <…> ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) па гэтым злачынстве рэжыму Лукашэнкі».


Нагадаем, 24 верасня ўкраінскі праграмны дырэктар міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Freedom House Юрый Юркевіч заявіў, што ў МКС былі перададзеныя «новыя доказы непасрэднага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі» ў перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей.


Аб гэтым сведчыць і апблікаваны 5 кастрычніка даклад «Скрадзенае дзяцінства», які падрыхтавалі Freedom House, праваабарончы цэнтр «Вясна», аб’яднанне былых сілавікоў BelPol, а таксама Рэгіянальны цэнтр правоў чалавека і праваабарончы цэнтр ZMINA (Украіна).


Афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) Фадзі эль-Абдала 9 кастрычніка паведаміў, што, нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статуту МКС, рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасці за дачыненне да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10