Ад аб'яднання пчалаводаў да шахматыстаў і ветэранаў Чарнобыля, – згодна справаздачы праваабаронцаў, сёлета ліквідюць на 24 арганізацыі больш, чымся ў папярэдні год назіранняў. Каму няма месца ў грамадстве лукашэнкаўскага ўзору, запыталі ў адмыслоўцаў.
Беларусь за 32 гады праз Праграму развіцця ААН атрымала каля $ 200 млн. Але гэтай супрацы, бадай, канец. 12-га лістапада ў Менскім гарадскім судзе адбудзецца паседжанне аб ліквідацыі ПРААН і яшчэ некалькіх некамерцыйных арганізацыяў: Грамадскага аб’яднання аўдытараў, федэрацыяў прафесійнага і аматарскага гольфу, футзалу ды сілавога экстрыму, а таксама Аб'яднання інвалідаў вайны «Дабрачыннасць».
З пазнакай «ПРЫМУСОВАЯ ЛІКВІДАЦЫЯ» Цэнтр прававой трансфармацыі «Lawtrend» уключыў арганізацыі ў штогадовы маніторынг:
«Ліквідацыі падлягаюць у асноўным грамадскія аб’яднанні, якія не прывялі свае статуты ў адпаведнасць з новымі патрабаваннямі закону "Аб грамадскіх аб'яднаннях". […] Фіксуюцца адзінкавыя выпадкі прымусовай ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў, што выканалі патрабаванні закону».
Напрыклад, ліквідуюць 20-гадовае гарадзенскае аб'яднанне «Палітра свету», якое летась накіравала справаздачу аб дзейнасці ў рэгістрацыйны орган.
Паводле «Lawtrend», на пачатку лістапада 1161 беларуская некамерцыйная арганізацыя была ў працэсе прымусовай ліквідацыі. Яшчэ 677 НКА пастанавілі самаўхіліцца і з уласнай волі падалі дакументы на закрыццё. Адна з апошніх – Інфармацыйна-адукацыйны цэнтр «Мост». З 2020 года агульныя страты склалі 1838 арганізацыяў.
,,«У 2024 годзе мы напярэдадні выбараў, а ў Беларусі гэта заўжды спецаперацыя. Нават калі, здавалася б, зачысцілі ўсіх нелаяльных, можна сесці і прыглядзецца, каго яшчэ не зачысцілі. У Беларусі гэта часта бывае паводле плану. Даведзены план. Нават калі не знойдуць, за што, то зверху даецца ўказанне», – паведаміў юрыст, праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.
Пытанне, ці спрабуе дзяржава запоўніць зачышчаныя нішы? Працаваць прынамсі з уразлівымі слаямі насельніцтва: ахвярамі гвалту, бяздомнікамі, асобамі з інваліднасцю і асаблівасцямі развіцця?
«Супрацоўнікі КДБ прыходзяць да актывістаў і кажуць "давайце, рабіце, што рабілі шмат гадоў"... Прапаноўваюць ствараць такія падкантрольныя арганізацыі», – кажа Раман Кісляк.
Частка ліквідаваных грамадскіх арганізацыяў аднавіла працу ў замежжы – для беларусаў унутры краіны. Сярод іх Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА».
,,«Адзін з напрамкаў, які дасяжны цяпер моладзевым арганізацыям, што знаходзіцца ў Беларусі, – гэта правядзенне адукацыйных праграмаў. То бок, яны праводзяць семінары, трэнінгі, нават канферэнцыі на інтэрнэт-платформах праз сек'юрыці-каналы. Ці, напрыклад, РАДА арганізоўвае адукацыйныя праграмы на платформе, якая дазваляе асобам, што рэгаструюцца на курс, праходзіць яго у асабістым рэжыме», - распавяла Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца АПК у пытаннях моладзі, былая старшыня савету РАДА.
Арганізацыі ў выгнанні працягваюць весці асветніцкую, аналітычную, праваабарончую і медыядзейнасць. Нягледзячы на блакаванне Міністэрствам інфармацыі, застаецца адкрытым шэраг тэматычных каналаў у сацыяльных сетках.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Юлія Цяльпук, «Белсат»