навіны

Улады заклапаціліся распаўсюджаннем радыкальнага ісламу ў Беларусі

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: knews.kg
podpis źródła zdjęcia

Беларускія ўлады заклапаціліся распаўсюджаннем радыкальных плыняў ісламу ў краіне, у першую чаргу – сярод студэнтаў. 

Гэта вынікае з пратакола пасяджэння міжведамаснай працоўнай групы па ўдасканаленні дзяржаўнай палітыкі ў сферы нацыянальных адносінаў, створанай у сакавіку 2020 года.

Адпаведны дакумент трапіў у рукі арганізацыі былых сілавікоў «BELPOL», якая падзялілася ім з рэдакцыяй «Белсат».

На пасяджэнні рабочай групы, якое адбылося 26 верасня 2024 года, сярод іншага абмяркоўвалася пытанне процідзеяння распаўсюджванню радыкальных ісламскіх рухаў у Беларусі.

Па выніках абмеркавання Міністэрству адукацыі было рэкамендавана ўзмацніць кантроль над замежнымі студэнтамі з ісламскіх краін, каб не дапусціць «прапаганды скажоных трактовак ісламу і схілення навучэнскай моладзі ў яго радыкальныя плыні».

З гэтай мэтай адміністрацыям ВНУ і сярэдніх навучальных установаў, у якіх вучацца такія студэнты, даручана «неадкладна інфармаваць праваахоўныя органы пры выяўленні падобных фактаў».

Пратакол ад 26 верасня 2024 года. № 3 пасяджэння міжведамаснай працоўнай групы па ўдасканаленні дзяржаўнай палітыкі ў сферы нацыянальных адносінаў
Пратакол ад 26 верасня 2024 года. № 3 пасяджэння міжведамаснай працоўнай групы па ўдасканаленні дзяржаўнай палітыкі ў сферы нацыянальных адносінаў

Падчас пасяджэння таксама было падкрэслена, што Міністэрства ўнутраных спраў рэгулярна прымае меры па выяўленні і спыненні рэлігійна-экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку асобаў, што прытрымліваюцца радыкальных напрамкаў ісламу.

Як патлумачыў прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар, у прынцыпе нічога незвычайнага ў гэтым няма.

«Сістэма, асабіста Лукашэнка могуць казаць на публіку ўсё што заўгодна, расказваць пра братэрскія сувязі, падтрымку, але тыя пагрозы, якія нясе ў сабе радыкальны іслам, добра вядомыя, у тым ліку і рэжыму», – адзначыў суразмоўца «Белсату».

Уладзімі Жыгар падкрэсліў, што на публіку пра гэтыя пагрозы казаць не хочуць, але меры рэагавання, натуральна, прымаюць.

,,

«Асабліва сістэму цікавяць людзі, якія раней былі хрысціянамі, а зараз прынялі іслам, і якія цяпер пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У дачыненні да такіх людзей існуюць нават асобныя спісы. У такіх спісах была, напрыклад, прапагандыстка [Ксенія] Лебедзева, якая мяняла веру з хрысціянства на іслам», – адзначыў Уладзімір Жыгар. 


Прадстаўнік «BELPOL» таксама падкрэсліў, што арганізаваны рэжымам Лукашэнкі міграцыйны крызіс таксама ўносіць свае карэктывы ў працу беларускіх уладаў, ўплывае на гэта і «павальнае запрашэнне замежнікаў для навучання ў беларускіх ВНУ».

Адметна, што яшчэ ў 2009 годзе адзначалася, што студэнты з азіяцкіх краінаў займаюць другое месца сярод усіх замежных студэнтаў у беларускіх ВНУ.

У студзені 2024 года Мінадукацыі падкрэслівала, што ў Беларусі вучацца 30 тысячаў студэнтаў. На першым месцы – прадстаўнікі КНР, а на другім – грамадзяне з такіх мусульманскіх краінаў, як Узбекістан і Туркменістан.

Пры гэтым кансультант упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Мінадукацыі Кацярына Мар’іна адзначыла, што ў краіне вучыцца «дастаткова вялікая колькасць навучэнцаў з краінаў Азіі».

Таксама падкрэслівалася, што ў Беларусь сталі прыязджаць на навучанне грамадзяне афрыканскіх краінаў і карыбскага рэгіёну.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10