Аляксандр Лукашэнка 4 лістапада нечакана прызначыў новага кіраўніка «Беларуськалія». Неўзабаве калійную галіну чакаюць змены. Прадпрыемства, якое прадае сваю прадукцыю «за бясцэнак», можа паспрабаваць знізіць аб’ёмы вытворчасці, каб неяк вярнуць ранейшы прыбытак, а таксама заключыць новыя пагадненні з Расеяй. Але росту даходаў гэта не гарантуе.
Пра тое, што Іван Галаваты, які кіраваў «дзяржаваўтваральным» «Беларуськаліем» з 2014 года і, як кажуць, з’яўляўся кумам старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі, звольнены, сталася вядома 4 лістапада. Ягоным пераемнікам стаў Андрэй Рыбакоў, які да таго кіраваў канцэрнам «Белнафтахім».
Пры гэтым кіраўнік Беларусі шмат казаў пра праблемы, якіх на «Беларуськаліі» «назапасілася нямала». Гэта і вялікія выдаткі, якія трэба змяншаць, і дадазеная вартасць, якую трэба паднімаць да сусветнага ўзроўню, і падведамасныя арганізацыі, дзе трэба наводзіць парадак. Але галоўныя праблемы – санкцыі і цэны на калій. Праўда, не факт, што новы кіраўнік «Беларуськалію» зможа істотна выправіць сітуацыю. Як сказаў сам жа Лукашэнка, у «Белнафтахіме» пры ім «рэнтабельнасць невысокая».
Санкцыі за рэпрэсіі і вайну
«Беларуськалій» і асабіста Галаваты знаходзяцца пад шэрагам заходніх санкцыяў. Праблемы пачаліся пасля выбараў 2020 года і масавых звальненняў удзельнікаў мірных пратэстаў. У 2021-м Еўразвяз і ЗША забаранілі імпарт беларускіх калійных угнаенняў, а пазней Літва скасавала і кантракт на іх транспартаванне праз сваю тэрыторыю. Таксама «Беларуськалій» звязваюць з дапамогай у дэпартацыі Расеяй дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

З 2021 года беларускія чыноўнікі закрылі звесткі пра экспарт калійных угнаенняў. Але паводле Міжнароднага даследчага інстытуту харчовай палітыкі доля Беларусі ў сусветным экспарце калійных угнаенняў скарацілася з 18 % у 2021 годзе да 9 % у 2023-м.
Як паведамляла Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі, у 2023 годзе Беларусь экспартавала практычна дасанкцыйны аб’ём калійных угнаенняў. Паводле звестак Белстату, у 2020 годзе было экспартавана 11,76 млн тонаў угнаенняў, а ў 2019 годзе – 10,32 млн. Па выніках 2023 года абʼём вытворчасці калійных угнаенняў склаў 10,46 млн тонаў, або на 78,9 % больш, чым у 2022 годзе. Каля 90 % вырабленых угнаенняў экспартавалі (9,45 млн тонаў, або плюс 97,6 % да ўзроўню 2022 года). То бок абʼём экспарту ў 2023 годзе быў на 8,5 % меншым за абʼём 2019-га і на 19,6 % меншым за абʼём 2020 года, але прыкладна такім самым, як у 2014 і 2016 гадах.
«Аднак „гераічнае“ нарошчванне абʼёмаў і „поспехі“ ў супрацьстаянні санкцыям з беспрэцэдэнтнай тарыфнай падтрымкай Расейскай чыгункі насамрэч не адбіваюцца на выніках», – адзначала Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.
Пры росце фізічнага абʼёму экспарту да 2022 года амаль удвая, даходы ад продажу знізіліся на 3 % і склалі $ 1,78 млрд. У 2019 годзе Беларусь зарабіла на экспарце калійных угнаенняў $ 2,76 млрд, а ў 2020 годзе – $ 2,41 млрд.
Былы працаўнік «Беларуськалію», сябра стачкаму і аўтар тэматычнага Youtube-каналу «Дядя Лёша с ЦПП» Аляксей Кротаў ацэньвае сітуацыю на «Беларуськаліі» як павольную дэградацыю: заробкі не растуць і не адпавядаюць кваліфікацыі і рызыцы працаўнікоў, абсталяванне зношваецца.
,,«Шмат хто сыходзіць працаваць у іншыя галіны, бо няма заробку, няма ўмоваў, а вельмі вялікія рызыкі. І перспектываў ніякіх няма і не прадбачыцца», – сказаў Кротаў «Белсату».
На яго думку, Галаваты сышоў «у патрэбны момант, калі яшчэ прадпрыемства да канца не развалілася, яшчэ ёсць нейкія рынкі збыту».
Тыповы чырвоны дырэктар і моцны функцыянер
Паводле Кротава, «для рэжыму Лукашэнкі» Галаваты быў вельмі добрым кіраўніком: заробкі падымалі «неахвотна», падземны стаж шахцёраў скасавалі, «усялякія прыцісненні» працягваліся. Дый падчас забастовак 2020 года ён не панікаваў, «вельмі стойка вытрымаў удар», «праявіў жорсткую руку». Пры гэтым жа Кротаў падкрэсліў, што ў Салігорску Галаватага паважаюць і называюць выключна «Іван Іванавіч»:
«Галаваты – моцны лукашэнкаўскі функцыянер, які на любым месцы дасць рады з ускладзенымі на яго задачамі».

Пра высокія прафесійныя якасці Галаватага расказаў «Белсату» і былы працаўнік калійнай сферы N., які назваў яго «шчырым лукашыстам», але не прыстасаванцам, «патрыётам прадпрыемства і Салігоршчыны». Паводле яго, былы кіраўнік «Беларуськалію» быў тыповым «чырвоным дырэктарам», які «і ў бруд палезе, і ў лыч дасць, і ў сталоўцы звычайнай паснедае». Аднак бываў і вельмі жорсткім з падначаленымі.
«Памятаю, як у адной размове ён і пра дармавыя пуцёўкі для дзетак у нанова адрэмантаваны санаторый „Бярозка“ распавядаў, і пра тое, што хутка дадушыць незалежны прафсаюз», – адзначыў N.
І вось цяпер Галаваты, нягледзячы на свае заслугі і сувязі, звольнены. Праўда, Лукашэнка заявіў, што «пры ўсіх недахопах» яго не трэба «выкідваць», бо яму нельга «выставіць нейкія прэтэнзіі, што ён недзе быў дрэнным ці не дапрацоўваў». Тым больш, што «ён заўсёды быў самастойным чалавекам, займаў самастойную пазіцыю».
За што звольнілі Галаватага і чаму замянілі на Рыбакова
Прызначэнне гендырэктарам «Беларуськалію» чалавека, які на ім раней не прапанаваў, кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Дзмітрый Круты патлумачыў тым, што ў Рыбакова ёсць «пэўны досвед» для кіравання падсанкцыйным прадпрыемствам. Дый ён ужо два гады «курыраваў» калійную галіну.
Аднак палітолаг Дзмітрый Балкунец мяркуе, што ў Беларусі проста не так шмат асобаў, якія маюць досвед кіравання такімі буйнымі прадпрыемствамі. Тым больш, што для Лукашэнкі лаяльнасць паводле важнасці апярэджвае кампетэнтнасць, сказаў ён «Белсату».

На думку N. у звальненні Галаватага можа быць дзве прычыны. Першая – гэта ягоная параза «ў апаратнай сутычцы» з гендырэктарам «Беларускай калійнай кампаніі» Аляксеем Скрагам, з якім у яго былі «сур’ёзныя цёркі».
«Скрага не вельмі хацеў абмяркоўваць экспартную палітыку. Маўляў, вы вырабляйце і не лезьце далей, не ваша справа, а Галаваты заўжды актыўна ўдзельнічаў у абмеркаванні аб’ёмаў, стратэгічных цэнаў і г.д.», – заявіў N.
Таксама ён не выключае, што звальненне можа быць сігналам падрыхтоўкі да аб’яднання з расейскімі кампаніямі, на што намякаў і сам Лукашэнка: «Уралкаліем», «ЕўраХімам» ці «Слаўкаліем» Міхаіла Гуцэрыева. Паводле N., Галаваты – «нязручны для гэтага кіраўнік», «быў супраць супрацы з расейцамі, казаў заўжды маўляў самі справімся і не давядзецца дзяліцца прыбыткам з алігархамі, усё ў Беларусь вернецца».
Прызначэнне ж Рыбакова, які раней не працаваў у калійнай галіне, можа быць як спробай змагацца з кумаўством, гэтак і адсекчы новага кіраўніка ад падтрымання і сувязяў, сказаў суразмоўца.
Расейскія кампаніі вяртаюцца да беларускага калію?
На магчымы расейскі след у кадравых зменах намякнуў і сам Лукашэнка. Ён заявіў, што атрымлівае «мора запытаў» з неназваных краінаў на сумесны продаж калійных угнаенняў.
«Трэба на гэта ісці: мы кудысьці паставім калій, стаіць там завод на мяжы дзесьці – змешваем угнаенні і адразу за мяжу прадаем разам», – сказаў палітык, даручыўшы «выходзіць на дзяржавы, з якімі мы можам вырабляць гэтыя ўгнаенні».
Суразмоўца «Белсату» N. падкрэсліў, што цяпер і так уся лагістыка паставак беларускага калію ідзе праз Расею, што ставіць айчынны экспарт калію ва ўразлівае становішча:
,,«Захочуць – дадуць дастатковыя магутнасці па транзіце і адгрузках, не захочуць – не дадуць ці кошты падвысяць».
Як адзначыў N., раней досвед супрацы Беларусі з расейцамі, «Уралкаліем», быў негатыўным. Скончылася гэта арыштам у 2013 годзе ў Менску гендырэктара кампаніі Уладзіслава Баўмгертнера. Паводле суразмоўцы, бакі проста перасталі давяраць адзін аднаму і пачалі перацягваць кліентаў, не маглі дамовіцца аб экспартных аб’ёмах.
«Ну і дзяржмаёмасць „Беларуськалія“ цяжка ўжываецца з прыватнай маёмасцю „Уралкалію“. Адныя хочуць больш грошай у бюджэт і поўную працаўладкаванасць і загрузку прадпрыемства, а іншыя шукаюць шляхі як аптымізаваць падаткі, мо і вывесці грошы, падняць цану на рынках ці скараціць выдаткі, нават праз звальненні ці прыпыненне вытворчасці», – сказаў суразмоўца.
Ён падкрэсліў, што не атрымаецца раўнапраўнай супрацы і цяпер, бо расейскі калій у адрозненне ад беларускага не знаходзіцца пад санкцыямі, а ўвесь беларускі транзіт завязаны на Расею і ейныя парты.
N. адзначыў, што пры аб’яднанні ў 2006 годзе «Беларуськалію» і «Уралкалію» ў БКК вытворцаў было няшмат, таму гэты сіндыкат кантраляваў не менш як 40 % сусветнага рынка. Пры гэтым цэны дасягалі амаль $ 1000 за тону пры адсутнасці санкцыяў.
«Цяпер іншыя вытворцы нарасцілі аб’ёмы, рынак ужо не такі манапалізаваны, у 2025-2026 гадах чакаецца прыход новага магутнага гульца – запускаецца праект BHP, а яшчэ новая шахта „ЕўраХіма“ і працяг пашырэння Лаоскага праекту, які кантралюецца кітайцамі. Цана зараз у Кітаі – $ 273, у Індыі – $ 283, на спотавых рынках – каля $ 300. Таму аб’яднанне зараз для „Беларуськалія“ гэта не спроба кантраляваць сусветныя цэны, а хутчэй спроба неяк прыстасавацца да дзейных умоваў і выжываць, пры дапамозе расейцаў», – сказаў N.
Лукашэнка схлусіў, кажучы пра нізкія цэны
4 лістапада Лукашэнка заявіў, што цяпер айчынныя калійныя ўгнаенні прадаюцца «за бясцэнак, амаль за сабекошт, а то і ніжэй часам». Каб гэтага не было, ён хоча знізіць вытворчасць.
«Я такіх коштаў увогуле не памятаю ў гісторыі: вельмі нізкія кошты на калійныя ўгнаенні, хоць праца шахцёраў няпростая. Можа быць, нам з расейцамі перагаварыць, параіцца і адсоткаў на 10, можа, 11, знізіць здабычу калійных угнаенняў. Не тое што дэфіцыт на рынку з’явіцца, а ўсе зразумеюць, што гэта дарагая прадукцыя і за яе трэба плаціць адпаведныя сродкі», – сказаў палітык.
Аднак гэтыя словы Лукашэнкі ў каментары «Белсату» зняпраўдзіла экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна. Яна адзначыла, што ў 2022 годзе цэны на калій сапраўды былі пікавымі (у асобныя месяцы даходзілі да $ 1200 за тону) супраць $ 278 станам на кастрычнік 2024 года. Але, заявіла эканамістка, тыя цэны былі ў цэлым звязаныя з актывізацыяй сельскай гаспадаркі і агулам ажыўленнем сусветнай эканомікі пасля пандэміі каронавіруса. Пасля гэтага ў 2023 годзе адбыўся спад, які працягнуўся ў 2024-м і, магчыма, захаваецца ў 2025-м. Пры гэтым Лузгіна падкрэсліла, што ў 2016-2018 гадах былі ніжэйшымі, чым цяпер.
«Казаць, што цэны ўжо вельмі нізкія, нельга. Яны, вядома, вельмі знізіліся ў параўнанні з 2022 годам, але тады быў вельмі рэзкі скачок», – заявіла яна.
Словы Лукашэнкі Лузгіна звязала з ціскам, які на беларускую вытворчасць аказваюць санкцыі. У выніку гэта ўзнікаюць праблемы з лагістыкай, растуць экспартныя выдаткі. Закрыліся для беларускіх паставак і некаторыя рынкі, як, напрыклад, індыйскі.
«Ну і плюс, магчыма, праз санкцыі беларускі тавар можа прадавацца з пэўным дысконтам. Тады кошт сапраўды можа быць, з улікам дысконту і транспартавання, блізкім да сабекошту самой прадукцыі», – адзначыла эканамістка.
Калі хочацца свой OPEC, але няма з кім
Што датычыць планаў Лукашэнкі разам з Расеяй зменшыць вытворчасць, каб павысіць сусветныя цэны на калій, то Лузгіна не ўпэўненая, што Расея пагодзіцца на гэта, бо ёй гэта «не вельмі выгадна». Эканамістка адзначыла, што, паводле статыстыкі РФ, расейскія кампаніі ўжо і так скарачалі сваю вытворчасць і цяпер наадварот нарошчваюць ранейшыя аб’ёмы.
«Наколькі ім выгадна будзе зноў запавольваць гэтую вытворчасць, таксама пытанне», – сказала яна.
Але нават у выпадку палітычнай згоды Крамля на такі крок, ёсць пытанні да яго эфектыўнасці. Лузгіна адзначыла, што краіны OPEC+, напрыклад, сапраўды могуць скарачэннем вытворчасці ўздзейнічаць на сусветныя цэны на нафту.
«Але яны гэтыя рашэнні прымаюць разам. Ні адна, ні дзве краіны, а ўсе асноўныя экспарцёры. Тут у нас Расея і Беларусь: яны сапраўды з’яўляюцца буйнымі сусветнымі пастаўшчыкамі і вытворцамі калію, але не адзінымі», – сказала эканамістка.
Лузгіна падкрэсліла, што найбуйнейшым вытворцам калійных угнаенняў у свеце з’яўляецца Канада, але з ёю «наўрад ці атрымаецца дамовіцца». Затым пасля Расеі на трэцім месцы знаходзіцца Кітай, які выкарыстоўвае іх для ўласных патрэбаў і яшчэ імпартуе з іншых краінаў, у тым ліку Беларусі.
«Тое, што ён вырабляе, яму мала, але наўрад ці ён там таксама неяк будзе скарачаць», – мяркуе Лузгіна.

Акрамя таго ёсць яшчэ Нямеччына, Ізраіль, Іярданія, Лаос, Чылі, ЗША і іншыя. У выніку, калі Менск і Масква ўсё ж вырашаць знізіць аб’ёмы вытворчасці, іх могуць нарасціць іншыя краіны. Напрыклад, Канада, якая ў 2023 годзе знізіла здабычу на тыя самыя 11 %.
«Варыяцыі гэтых 10 % цалкам могуць быць кампенсаваныя за кошт іншых вытворцаў. Такія рашэнні, на мой погляд, калі ўжо і прымаць, каб яны ўздзейнічалі на рынак, то гэта трэба рабіць ужо як робяць краіны OPEC+, усе разам», – сказала Лузгіна.
На думку N., спроба павысіць цану на калійныя ўгнаенні праз зніжэнне вытворчасці цяпер не спрацуе. Паводле яго, нават калі Беларусь і Расея разам скароцяць сваю вытворчасць на 10 %, гэтыя лічбы перакрыюць новыя праекты з іншых кампаніяў.
Менск перастаў клапаціцца пра Афрыку
Палітолаг Дзмітрый Балкунец звярнуў увагу таксама на крывадушнасць Менску, які раней заяўляў, што санкцыі супраць беларускага калію б’юць па глабальнай харчовай бяспецы.
,,«Лукашэнка шмат казаў, што ў Афрыцы голад наступіць праз калійныя ўгнаенні, калі цэны там вырастуць. Ну, гэта значыць атрымліваецца, ён хоча Афрыка, каб галадала, раз ён хоча цэны павысіць», – заявіў ён.
У цэлым жа, падкрэсліў Балкунец, рэчаіснасць адрозніваецца ад таго, што Лукашэнка «можа ў кабінеце ў сябе вырашыць».
Макар Мыш, Ірына Дарафейчук belsat.eu