Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская заклікае беларусаў звяртацца па дапамогу ў сувязі з аднаўленнем у Беларусі шырокамаштабных рэпрэсіяў.
«У апошнія тыдні мы назіраем жорсткую і ўсёахопную хвалю рэпрэсіяў у Беларусі. Колькасць ператрусаў, затрыманняў і фізічнага гвалту дазваляе сцвярджаць, што рэжым Лукашэнкі не проста актывізаваў рэпрэсіўны апарат для запалохвання. Ён фактычна аднавіў шырокамаштабныя рэпрэсіі супраць народу», – заявіла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Вольга Зазулінская.
Паводле звестак АПК, толькі за апошнія дні затрымалі сотні беларусаў па ўсёй краіне, і гэта не выпадковая з’ява, а свядомая палітыка рэжыму, які імкнецца заглушыць кожны голас нязгоды напярэдадні «бязвыбараў» 2025 года. Усіх, хто зрабіўся ахвярай рэпрэсіяў ці адчувае страх за сябе і сваіх блізкіх, Вольга Зазулінская заклікае звяртацца ў Прадстаўніцтва ў справах сацыяльнай палітыкі Аб’яднанага пераходнага кабінету:
«Мы працуем дзеля вас. Мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы кожнаму, хто зведаў пераслед. Вы не адны».
Са словаў прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, службы эвакуацыі ўжо перагружаныя, бо колькасць людзей, якія шукаюць выратавання, штодня расце. Некалькі чалавек удалося вывезці, але іхны фізічны і псіхалагічны стан жахлівы. Сёння, 5 лістапада, сітуацыя ўва ўсіх аспектах разглядалася на паседжанні Кабінету.
«Мы зноў сутыкнуліся з сітуацыяй жніўня 2020 года, калі сілавікі ўжывалі гвалт у дачыненні затрыманых, і метады засталіся ранейшымі», – адзначыла Вольга Зазулінская.
Надзея Вольная belsat.eu