5 лістапада каля мяжы з Латвіяй супрацоўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі (ДПК) выявілі двух грамадзянаў Самалі. Адзін з іх быў мёртвы.
Са спасылкаю на паказанні іншага замежніка камітэт сцвярджае, што напярэдадні, 4 лістапада, латышскія сілавікі знайшлі і «жорстка збілі» двух мігрантаў. Ад атрыманых траўмаў адзін з мужчынаў нібыта «спачатку страціў прытомнасць, а потым памёр».
Нагадаем, што з пачатку года на мяжы з краінамі ЕЗ былі выяўленыя ўжо 17 загінулых замежнікаў: 11 целаў на мяжы з Латвіяй і 6 на мяжы з Польшчай. Усяго за тры гады – з вясны з 2021-га да канца сакавіка 2024-га – у памежжы Беларусі з краінамі ЕЗ загінулі 116 нерэгулярных мігрантаў, у тым ліку 15 жанчын. На тэрыторыі Беларусі на канец сакавіка 2024 года загінулі не менш за 47 чалавек, паведамляе «Human Constanta».
Улады Беларусі рэгулярна паведамляюць пра пакуты, фізічныя траўмы і гібель замежнікаў на мяжы з краінамі ЕЗ і кожны раз абвінавачваюць у смерці мігрантаў супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі. Аднак пры гэтым беларускі бок не паведамляе, якім чынам мігранты аказваюцца на мяжы з краінамі ЕЗ.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго гібрыднай атакай, зарганізаванай рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Надзея Вольная belsat.eu