Праваабаронцы асцерагаюцца, што смяротнае пакаранне стане распаўсюджаным інструментам палітычных рэпрэсіяў, а сілавікі актыўна ўзяліся за Instagram і Х, вынікае з квартальнага агляду праваабарончай арганізацыі «Human Constanta».
«Human Constanta» прэзентавала агляд за ліпень – верасень: у ім – асноўныя тэндэнцыі ў барацьбе з тым, што ўлады Беларусі лічаць экстрэмізмам і тэрарызмам, ды пра ўплыў гэтага на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
З агляду вынікае, што ўлады працягвалі выкарыстоўваць «антыэкстрэмісцкае» заканадаўства ў гэты перыяд як інструмент масавых парушэнняў правоў чалавека і пераследу людзей. Аднак з'явіліся новыя тэндэнцыі.
«Памілаванні не мяняюць агульнай сітуацыі»
З ліпеня да верасня арганізацыя зафіксавала мінімум 142 новыя крымінальныя справы і 119 прысудаў на «экстрэмісцкіх» падставах. Гэтыя звесткі не ўлічваюць справаў, звязаных з абвінавачваннямі ва ўдзеле ў мірных пратэстах і абразамі службовых асобаў, адзначаецца ў аглядзе.
Таксама «Human Constanta» зафіксавала каля 800 выпадкаў парушэнняў правоў чалавека з дапамогай «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства. У тым ліку былі 310 прысудаў паводле адпаведных крымінальных справаў і мінімум 135 адміністратыўных затрыманняў.
«Нават гэтыя лічбы большыя за колькасць памілаваных», – адзначылі падчас прэзентацыі прадстаўнікі «Human Constanta», успамінаючы пра 115 памілаваных за апошнія месяцы палітвязняў. – Гэта пацвярджае тэзіс, што памілаванні не мяняюць агульнай сітуацыі».
У Беларусі ў крымінальных справах паводле палітычных матываў вельмі часта выкарыстоўваюцца такія склады злачынстваў, як «распальванне варожасці», «рэабілітацыя нацызму», спрыянне «экстрэмісцкай» і «тэрарыстычнай» дзейнасці, «здрада дзяржаве», «шпіянаж». Паводле адміністратыўных артыкулаў найбольш часта – гэта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», апавялі прадстаўнікі «Human Constanta».
Асцярогі: палітычнае смяротнае пакаранне і больш суровыя прысуды

«Важная навэла – праект Закону аб змяненні кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці. Плануецца ўвесці артыкул пра несанкцыянаваны распаўсюд інфармацыі пра размяшчэнне або перамяшчэнне падраздзяленняў узбраення, вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў. Гэта адлюстроўвае тэндэнцыі апошніх месяцаў, пра тое, што ўжо шмат справаў, звязаных з фотаздымкамі вайсковай тэхнікі, якія пакуль не кваліфікуюцца па спецыяльным складзе. Звычайна гэта здрада дзяржаве або шпіянаж, распаўсюд дзяржтаямніцы», – кажа прадстаўніца «Human Constanta».
Прапанаваныя новаўвядзенні могуць быць звязаныя з тым, што ўлады хацелі б яшчэ больш павялічыць тэрмін пакарання за такія дзеянні.
,,«У цэлым усё, што звязана з ваеннаю тэмаю, – гэта тэндэнцыя нашых апошніх справаздачаў. Часта гэта яшчэ звязана з дзеяннямі сілавікоў у онлайн-прасторы. Увогуле большая частка справаздачы – пра тое, як караецца онлайн-актывізм.
Гэта датычыць каментароў у дачыненні сілавікоў або правакацыяў у чат-рулетцы, калі які-небудзь сілавік прыкідваецца ўкраінцам і спрабуе справакаваць суразмоўцу на ўмоўна антыдзяржаўнае выказванне, якое будзе запісанае і выкарыстанае супраць чалавека як распальванне варожасці, напрыклад», – працягвае прадстаўніца «Human Constanta».
Таксама новай з'явай у справаздачны перыяд сталася смяротнае пакаранне для грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера нібыта за ўдзел у тэрарыстычнай дзейнасці. Пазней яго памілавалі і перадалі ўладам Нямеччыны ў абмен на расейскага шпіёна Вадзіма Красікава.
«Вельмі важна, што ў гэтай сітуацыі не было пацярпелых. З пункту гледжання міжнароднага права гэта фенаменальны прысуд, нават калі верыць прапагандзе, што ён здзейсніў небяспечныя дзеянні», – кажа прадстаўніца «Human Constanta».
У справаздачны перыяд таксама прайшлі шматлікія суды ў справах пра дыверсіі ў Беларусі нібыта пад заступніцтвам украінскіх спецслужбаў. Людзей абвінавачвалі ў актах тэрарызму і здрадзе дзяржаве.
«У шэрагу гэтых справаў людзям таксама пагражае смяротнае пакаранне або доўгае зняволенне. Гэта некалькі справаў аб тэрактах, уключаючы Мачулішчы. Хоць смяротнае пакаранне ў Беларусі ёсць даўно, да гэтага моманту яно хутчэй не палітызавалася. Дзесяцігоддзі гаварылася, што смяротнае пакаранне – гэта інструмент, які можа выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах. Мы бачым, што цяпер гэта, на жаль, пачынае адбывацца», – кажа адна з дакладніц.
Атака на Instagram з Х ды іншыя тэндэнцыі

«Human Constanta» фіксуе, што спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» найбольш актыўна папаўняўся асабістымі старонкамі ў Instagram і Х. Звычайна гэта старонкі прадстаўнікоў апазіцыі, праваабаронцаў, актывістаў і ўкраінскіх медыяў.
«У пералік "экстрэмісцкіх фармаванняў" сталі масава залучаць недзяржаўныя арганізацыі, у тым ліку адукацыйныя, – гаворыцца ў справаздачы. – У аналізаваны перыяд стала вядома, што ўлады заблакавалі больш за 5000 рэсурсаў незалежных медыяў, недзяржаўных арганізацыяў і апазіцыйных рухаў».
Таксама сярод трэндаў за тры месяцы:
- павелічэнне колькасці прапагандысцкіх захадаў у навучальных установах і на дзяржаўных прадпрыемствах, дзе людзей запалохваюць адказнасцю за «экстрэмісцкія» злачынствы і апавядаюць пра «генацыд беларускага народу»;
- працягнуліся завочныя суды ў дачыненні прадстаўнікоў апазіцыі за мяжою: звычайна людзей абвінавачвалі ў змове;
- павялічваецца колькасць затрыманняў меркаваных адміністратараў незалежных грамадска-палітычных Telegram-каналаў;
- масавыя рэпрэсіі за сувязь з адукацыйнымі ініцыятывамі, прызнанымі экстрэмісцкімі фармаваннямі;
- канвеерныя суды для абвінавачванняў у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў – толькі ў Ленінскім раёне Горадні такіх справаў зафіксавана каля 250;
- упершыню зафіксаваная практыка выкарыстання прымусовай працы ў дачыненні затрыманых нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў – мужчынаў адправілі прыбіраць наступствы ўрагану;
- павялічваецца колькасць справаў за татуяванні, што абазначаюць негатыўнае стаўленне да міліцыі.
Адзначаецца, што ўпершыню ў гісторыі назіранняў пад пераслед на «экстрэмісцкіх» падставах трапілі сябры рэлігійнага руху, які праўладныя крыніцы называюць «сектай». Гаворка пра аб'яднанне «Руская праваслаўная царква – Царская Імперыя». Следчы камітэт Беларусі сцвярджае, што гэта паслядоўнікі «трыадзінай Русі». Таксама, паводле СК, прадстаўнікоў секты пераконваюць адмовіцца ад дакументаў, медыцыны і іншага і прыносіць ахвяраванні, напрыклад, грошы і нерухомасць.
Арсен Рудэнка belsat.eu