Украіна ўваходзіла ў склад ВКЛ да 1569 года, пакуль яе не забрала Польскае каралеўства. Так паўсталі Люблінская унія і Рэч Паспалітая. Ці была гэта здрада і ў чым прычыны таго, што Вялікае Княства Літоўскае страціла 40 % тэрыторыі? Першыя ў гэтым сезоне «Вусы Скарыны».
455 гадоў таму ў Любліне завяршыўся працэс, які расцягнуўся на некалькі стагоддзяў, – стварэнне федэратыўнай дзяржавы ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства. Новая дзяржава атрымала назву Рэч Паспалітая. Яе ўзнікненне было няпростым працэсам, пра што сведчыць страта ў выніку з’яўлення гэтай саюзнай дзяржавы 40 % тэрыторыі ВКЛ – Украіны. Але гэта была тая цана, якую Вялікаму Княству Літоўскаму давялося заплаціць за дапамогу ў вайне са сваім геапалітычным праціўнікам – Вялікім Княствам Маскоўскім Івана Жахлівага – і вяртанне страчаных на ўсходзе земляў, найперш Полацку.
«Сама па сабе Люблінская унія не дужа чаго памяняла ў жыцці людзей. Але адмова ад амаль паловы земляў засведчыла, што ВКЛ сыходзіць з карты буйных гульцоў. Што нешта ва ўнутраных механізмах дзяржавы не так і ці то амбіцыі, ці то рэсурсаў, ці то яшчэ чагосьці не хапае, каб стаць побач з больш паспяховымі суседзямі. Па выніках Люблінская унія сімвалічна стала заўчасным выракам ВКЛ як дзяржаве», – тлумачыць Цімох Акудовіч, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны».
Глядзіце праграму «Вусы Скарыны» ў панядзелкі а 18:40 на тэлеканале «Белсат», а таксама на YouTube-канале «БЕЛСАТ HISTORY».