Пра выбары ў Беларусі, што Аляксандр Лукашэнка, што Уладзімір Пуцін выказваюцца ўсё часцей. Рыторыка ў выказваннях абодвух пакуль што амаль аднолькавая.
На цырымоніі ўручэння даверчых лістоў амбасадарамі 28 дзяржаваў у Крамлі 5 лістапада Уладзімір Пуцін гаварыў у тым ліку пра Беларусь.
«Карыстаючыся выпадкам, пажадаю беларускім сябрам паспяхова правесці запланаваныЯ на студзень наступнага года прэзідэнцкія выбары», – цытуе словы Пуціна «Позірк».
Дарэчы, тэму беларускіх выбараў 25 кастрычніка закрануў і прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Ён заявіў, што ў Расеі будуць «вельмі ўважліва сачыць» за хадою выбарчай кампаніі:
«Я ўпэўнены, што ўсе будуць падтрымліваць у Расеі менавіта кандыдатуру Аляксандра Рыгоравіча [Лукашэнкі]. Тут наўрад ці могуць быць нейкія сумневы».
Пры гэтым, паводле Пяскова, прэзідэнцкія выбары ёсць «абсалютнаю справаю Беларусі». Наконт магчымага паўтарэння падзеяў 2020 года ён заявіў:
«Мы ведаем, што нашыя беларускія сябры вынеслі неабходныя ўрокі, атрымалі досвед багаты паводле вынікаў тых падзеяў, што ёсць залогам непаўторнасці ў далейшым такіх сітуацыяў».
Лукашэнка пра выбары таксама выказаўся.
«Традыцыйна, як у нас гэта бывае, падчас старту перадвыбарнай кампаніі. Задача нашая – правесці яе на высокім узроўні. Арганізацыйна перш за ўсё. Як я кажу, зрабіць, хоць мы і для свайго народу гэта праводзім, так, каб камар носа не падтачыў. Але пры гэтым памятаць: мы праводзім у Беларусі перадвыбарчую кампанію для свайго народу і інтарэсы нашых людзей павінны быць пастаўленыя ў аснову. А не так, як хтосьці хоча там за мяжою», – заявіў Лукашэнка на нарадзе ў справе правядзення выбараў 2025 года.
Пааводле Лукашэнкі, усе маюць разумець, што «мы ўжо спрактыкаваліся за гэтыя гады і разумеем, што ўладу растапыранымі рукамі не трымаюць. І мы не збіраемся гэта рабіць. Мы высновы з 2020 года зрабілі. Таму будзем дзеяць так, як гэта трэба нашай краіне і нашаму народу».
Нагадаем: наступныя прэзідэнцкія выбары Лукашэнка прызначыў на 26 студзеня 2025 года. І заявіў, што возьме ў іх удзел. У адказ на гэта дэмакратычныя сілы ў супольнай заяве, прымеркаванай да прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў, заклікалі галасаваць супраць усіх. Адзначаецца, што галасаванне супраць усіх пакажа, што «беларускае грамадства па-ранейшаму супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і сумленных выбараў».
Надзея Вольная belsat.eu